Варта адзначыць, што праграма “Мэлёдыя дня” гучыць у эфіры вось ужо дзявяты месяц. Гэтая лічба, здаецца, павінна была б падказаць, што нешта такое значнае мусіць нарадзіцца. Але з тым варта пачакаць заканчэньня году. Пакуль жа вернемся да мэлёдыі сёньняшняга дня.
Дзявяты месяц году — гэта першы месяц восені. Восені, якая прынесла ратаваньне ад летняй сьпёкі, якая гэтак далася ў знакі і прымусіла даволі істотна зьмяніць настрой.
Сёлета, як ніколі, здавалася, што лета ніколі ня скончыцца. А тут раптам трэба чакаць і халодных дажджоў бяз упэўненасьці, што яны прынясуць хоць якія грыбы. Ды не адны яны прыкмета восені. Яшчэ — чароды птушак, якія таксама, мусіць, спадзяваліся на вечнае лета.
І настрой гэты восеньскі актыўна прысутнічае ў народных песьнях. Група “Крэсіва” вызначаецца тым, што выконвае песьні, якія яе кіраўнік Анатоль Казак запісаў у роднай і навакольных вёсках Заходняга Палесься. Таму некаторым здаецца, што сьпяваюць музыкі “Крэсіва” па-ўкраінску, хоць гэта — усяго толькі мясцовая гаворка.
Песьня “Журавель” — канечне ж, пэўная апрацоўка народнага варыянту, але толькі музычнага боку. Тэкст песьні перадае восеньскі настрой сродкамі лякальнай, так бы мовіць, паэзіі, за кошт чаго сама песьня набывае выразную своеасаблівасьць і непаўторнасьць. Адно мушу сказаць: як і журавель вернецца з поўдня, так і мы пачуемся заўтра з новай мэлёдыяй дня!
Зьміцер Падбярэскі