Калі нехта згадвае надзейнасьць найлепшага сябра ці гаворыць пра трываласьць сямейных повязяў, часта гучыць выраз “Я за ім як за сьцяной”. А што здараецца, калі сьцяна тая набывае маштабы славутай Кітайскай? Пра гэта часам можна даведацца з простай песьні.
Дарма спадзявацца, што кожны з напісаных твораў, у тым ліку найбольш вядомымі і аўтарытэтнымі кампазытарамі, абавязкова робіцца шлягерам і дасягае найвышэйшых пазыцыяў у гіт-парадах. Каб такое было, увесь сьвет папулярнай музыкі, відаць, складаўся б зь якіх дваццаці ад сілы аўтараў. Кампазытар можа напісаць сотні песень, але зь іх толькі адна ці дзьве застануцца ў гісторыі музыкі.
Штодзённая, будзённая кампазытарская праца — гэта неабходны трэнінг, які не гарантуе абавязковых посьпехаў, але спрыяе таму, што аўтар музыкі заўсёды знаходзіцца ў неабходнай форме.
Вось і Алег Казловіч, калі напісаў на словы Лявона Пранчака песьню “Кітайская сьцяна”, магчыма, і разьлічваў на добры яе лёс. Кляс Іны Афанасьевай, якая запісала гэтую песьню, лішні раз даказваць ня трэба, аднак песьня тая шлягерам так і не зрабілася.
Цалкам магчыма, проста зоркі ў той дзень сталі не найлепшым чынам, можа, паўплывала яшчэ нешта такое, што часам і вытлумачыць немагчыма. Можа, на той час для сапраўднай раскруткі песьні і не хапіла якраз эфіру ў праграме “Мэлёдыя дня”.
Зьміцер Падбярэскі