Што паробіш — восень! Восеньскія песьні ў Беларусі неяк традыцыйна лічацца сумнымі, мінорнымі паводле настрою. Магчыма, яно і сапраўды так, хоць і не зусім. І каб пераканацца ў тым, варта слухаць “Мэлёдыю дня” штодня.
Першы ж восеньскі тыдзень для нашай праграмы склаўся не зусім, як мне думаецца, гіблым. Пачаўся ён, нагадаю, зь песьні “Сьвітанак”, якую па-беларуску выканалі некалі папулярныя ў СССР артысты з Узбэкістану — Тацяна Рузавіна і Сяргей Таюшаў. Аляксандар Памідораў песьняй “Вітальная” націскаў на балячкі сацыяльнага ды грамадзкага жыцьця, а джаз-група “Apple Tea” аднайменнай кампазыцыяй нагадала, што раньняя восень — гэта яшчэ і духмяны водар яблычных садоў. Першая ляўрэатка першага фэстывалю песьні і паэзiі ў Маладэчне, напаўзабытая цяпер Алена Саўленайтэ выканала таксама напаўзабытую, але надзвычай прыгожую песьню “Па-над белым пухам вішняў” Ігара Паліводы на словы Максіма Багдановіча, этна-трыё “Тройца” сьцьвердзіла, што беларускі фальклёр — гэта зусім не кансэрваваны прадукт. Нарэшце, мы пазнаёмілі вас з адной з апошніх песень Валіка Грышко, пажадаўшы яму ў Расеі шчасьця больш, чым на радзіме.
Сёньня ж зноў будзе гучаць клясыка, зноў — як маральная падтрымка Ўладзімера Мулявіна, якога, такое ўражаньне, таксама ўжо пачынаюць забываць. Песьня гэтая ўзятая з альбому, які быў выдадзены недзе ў 1979 годзе і які паводле першай песьні можна называць “Перапёлачка”. Безумоўна, найлепшы альбом у даробку “Песьняроў” з выдатнымі, сьмелымі на той час аранжыроўкамі народных песень. Песьня восенькая, але надзвычай мажорная. “У месяцы верасьні” са спадзяваньнямі на лепшае ў тым ліку і для лідэра калектыву.
Зьміцер Падбярэскі