Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Па-над белым пухам вішняў”. Музыка Ігара Паліводы, словы Максіма Багдановіча. Алена Саўленайтэ. Альбом “Максім”, “Ковчег”, 1997



Папулярная музыка — рэч надзвычай хуткаплынная. І рэдка каму здараецца двойчы ўвайсьці ў тую раку папулярнасьці. На жаль, часта такое адбываецца дзякуючы таму, што сама публіка хутка забываецца на ўчарашніх куміраў.

Сёньня, калі спытацца нават зацятых аматараў беларускай эстрады, мала хто здолее прыгадаць, што першым ляўрэатам першага фэстывалю нацыянальных песьні і паэзiі ў Маладэчне была Алена Саўленайтэ. Часы былі, прызнацца, тады ўдзячныя для артыстаў! Сам Генадзь Карпенка зьяўляўся непасрэдным бацькам фэстывалю, ад спонсараў адбою ня было. Ня дзіва, што ў якасьці ўзнагароды Алена атрымала тады навюткае аўто.

Цяпер і бацька іншы, і прызы здрабнелі да непрыстойнага. Сама ж Алена неўзабаве нарадзіла, потым неяк нясьмела вярнулася на эстраду, а калі пайшла зь Дзяржаўнага канцэртнага аркестру, дык, як і многія іншыя, зьнікла зь вялікае сцэны. Часткова, думаю, не з уласнага жаданьня.

Шчыра кажучы, мне вельмі шкада такіх вось бясспрэчна таленавітых выканаўцаў, што раптам робяцца непатрэбнымі нікому. Між тым, Алена Саўленайтэ можа ганарыцца песьняй зь вялікай літары — творам “Па-над белым пухам вішняў” Ігара Паліводы на словы Максіма Багдановіча, безь якога ўявіць беларускую песьню цяпер проста немагчыма.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG