Як стварыць канкурэнтаздольны прадукт? Гэтая праблема хвалюе многіх, у тым ліку і беларускіх музыкантаў, тым больш, што ўжо з наступнага году Беларусь мусіць упершыню выставіць свайго выканаўцу на конкурс “Эўрабачаньня” — конкурс ня тое каб прэстыжны, але, прынамсі, вельмі папулярны.
Ужо сёлета напярэдадні конкурсу ў беларускай прэсе згадваліся імёны музыкантаў, што могуць паказацца на сцэне ў Латвіі, дзе адбудзецца конкурс 2003 году. Аднак імя маладой сьпявачкі, якая выступае пад сцэнічным псэўданімам Карыяна, было тады практычна незнаёмым нават спэцыялістам. Тым ня менш, выхаванка гітарыста, кампазытара Леаніда Шырына ўжо скончыла запіс дэбютнага альбома, а сам Леанід перадаў нашай рэдакцыі запісы некалькіх песень.
Некаторыя зь іх ужо гучалі ў нашым эфіры, і яны дазваляюць сьцьвярджаць, што Карыяна, як ніхто іншы зь беларускіх выканаўцаў, мае ў рэпэртуары творы, якія цалкам адпавядаюць стандартам згаданага конкурсу. Так, конкурс гэты мае вельмі жорсткія стандарты адносна стылістыкі песень, і практычна любое адхіленьне ад іх выклікае неўспрыманьне песьні тымі, хто выстаўляе ёй балы.
Леанід Шырын, бадай, першы з нашых кампазытараў, хто здолеў стварыць цалкам канкурэнтаздольны музычны прадукт. Зрэшты, пераканайцеся самі. Песьня “Measures”, назву якой можна перакласьці як мерка, памер, такт. Музыка Леаніда Шырына, словы і выкананьне — Карыяна. Наш годны адказ папсовай Эўропе, за які нам сорамна ня будзе.
Зьміцер Падбярэскі