Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Шэрая лашадачка”. Ансамбль “Купалінка”. Альбом “Купалінка”, “Ковчег”, 1997



У гісторыі песьні наагул лёгка можна вызначыць асноўныя тэмы, якія і закранаюцца ў творах гэтага жанру. Але першай сярод тых тэмаў і напэўна асноўнай зь іх будзе тэма каханьня, якая ўвасабляецца ў песьнях самым розным чынам.

У сэньне актыўнай увагі да тэмы каханьня песьня народная мала чым адрозьніваецца ад песьні аўтарскай. Аднак як толькі мы пачынаем аналізаваць, скажам, тэксты, дык адразу пераконваемся, што, як правіла, тэксты сучасных шлягераў на фоне тэкстаў песень народных выглядаюць нечым накшталт дыягназу нейкай сур’ёзнай хваробы, безумоўна зьвязанай з галавою. Народныя ж тэксты зьмяшчаюць у сабе яскравыя вобразы, нечаканыя параўнаньні і ня штучныя, выціснутыя з пальца, а натуральныя сюжэты. Зрэшты, як і ў песьні “Шэрая лашадачка”, якую будзем слухаць сёньня ў выкананьні групы “Купалінка”.

Няхітры сюжэт, лашадачка як галоўны герой песьні і жаданьне маладога чалавека ехаць сватацца да дзяўчыначкі. Усё!

Тым ня менш, песьня атрымалася, і, упэўнены, калі б паспрабаваць угаварыць дзесяцёх паэтаў напісаць для тае мэлёдыі словы, такіх, якія ўжо ёсьць, ім не напісаць ніколі! Нават самым здольным і са званьнем народнага.

Нездарма фальклёр называюць сапраўднай школай як музыкі, так і паэзіі. Гэта школа і ёсьць, нават калі твор той мае выразна жартоўны характар.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG