Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Вось і ўся любоў”. Музыка Зьмітра Яўтуховіча, словы Лявона Пранчака. Юлія Скараход. Альбом “Між Менскам і Нью-Ёркам”, “Ковчег”, 2000



Калі паспрабаваць прааналізаваць тэматызм сучасных эстрадных песень, дык на першым месцы будзе, несумненна, тэма каханьня. Адсоткаў з 80 сучасных песень — гэта ўсё пра любоў і каханьне, толькі што плоцевыя матывы сёньня яўна пераўзыходзяць матывы каханьня, скажам, да радзімы альбо працы.

Аднак як жа хутка забываюцца ня толькі імёны, але й самі некалі надзвычай папулярныя выканаўцы! Міне літаральна пяць гадоў, не пацьверджаных зьяўленьнямі на сцэне, і пра выканаўца ужо мала хто памятае. Так што лёс эстрадных ідалаў не такі ўжо і зайздросны. Вось і Юля Скараход як выйшла замуж і зьехала за мяжу, так і выпала з поля зроку мас-мэдыяў. А яна між тым, нагадаю, была надзвычай папулярнай сьпявачкай і тады, калі выступала ў складзе ансамбля “Верасы”, і тады, калі зрабілася салісткай Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі. Праблем з тэлебачаньнем ды радыё для яе не існавала, а яўны вакальны талент дазваляў ёй мець добры рэпертуар, хоць, праўду кажучы, і вытрыманы ў даволі тыповай для пацяшальнага песеннага напрамку стылістыцы. Ды прыйшло замужжа, цалкам іншыя клопаты, і сёньня можна казаць: вось і ўся любоў. Так, дарэчы, называецца і песьня Зьміцера Яўтуховіча на словы Лявона Пранчака, дзячуючы якой ёсьць нагода нагадаць пра былую зорку беларускай эстрады і ўпершыню паказаць яе ў рамках праграмы “Мэлёдыя дня”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG