Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Паліцэйскі сэкс”. Музыка, словы і выкананьне — група “Zygimont Vaza”. Альбом “Hardcore манія”, “БМАroup”, 2002 г.



Той чалавек, які сьвядома заплюшчвае вочы на некаторыя зьявы сучаснага жыцьця, а таму шчыра верыць, што гэтага не існуе, канешне ж, глыбока памыляецца. Гэтак і ў музыцы: колькі б мы не адмахваліся ад музыкі экстрэмальных напрамкаў, яна між тым працягвае існаваць, не зьвяртаючы на нас аніякай увагі.

Канечне, падобнага роду музыка ў нашай праграме гучыць рэдка. І не таму, што яна, маўляў, нізкай мастацкай якасьці, не! Па-першае, такога роду рок-музыка мае дастаткова малую аўдыторыю: згодна са статыстыкай, у межах 2-3 адсоткаў. Па-другое, гукавая палітра музыкі ў стылі хард-кор спэцыфічная, хутчэй канцэртная, чым эфірная. Да таго ж, умовы вяшчаньня на кароткіх хвалях здольныя паглынуць многія гукавыя нюансы. Тым ня менш, такая музыка ў Беларусі існуе, чаму доказ — тэматычны альбом “Хардкор манія: чАду!”, выдадзены сёлета. На ім прадстаўленая й група пад назваю “Жыгімонт Ваза”, на чале якой стаіць ледзь не легендарны ўжо Скрыпа, аўтар музыкі, тэкстаў і проста лідэр бэнду.

Песьня, якую я прапаную вам сёньня паслухаць, мае назоў “Паліцэйскі сэкс”. Наагул, хардкор — музыка шчырая, бескампрамісная. Таму, калі некаму яна проста не падабаецца, выйсьце з гэтага ёсьць: дастаткова ўсяго толькі выключыць прыймач. І ўключыць яго заўтра, каб зноў паслухаць “Мэлёдыю дня”. Але гэта будзе ўжо цалкам іншая мэлёдыя...
XS
SM
MD
LG