Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Бяжы, хлопец!”. Музыка Ігара Варашкевіча , словы Зьмітра Лукашука . Група “Крама”. Альбом “Хворы на рок-н-рол”, “Ковчег”, 1993



Лягчэй за ўсё было б мэлёдыю сёньняшняга дня прысьвяціць, скажам, спаборніцтвам па лёгкай атлетыцы, тым больш, што назва песьні правакуе. Тым ня менш, нягледзячы на, здавалася б, адназначную назву, зьмест песьні ёй зусім неадпаведны. Як і ў сёньняшнім выпадку.

Такім чынам, мэлёдыяй гэтага дня мае быць песьня пад назваю “Бяжы, хлопец!”. Гэтая песьня з рэпэртуару групы “Крама” была безумоўным шлягерам 1993 году, у той час, калі беларускамоўныя рок-групы былі частымі гасьцямі ў праграмах Беларускага тэлебачаньня, на якім, ясная рэч, тады і падумаць не маглі пра існаваньне няпісаных сьпісаў забароненых для эфіру выканаўцаў, як яно ёсьць сёньня.

“Крама”, дарэчы, таксама цяпер калектыў на Беларускім тэлебачаньні непажаданы. Дастаткова згадаць кліп на песьню “Гомельскі вальс”, проста забаронены для паказу. Песьня “Бяжы, хлопец!” вытрыманая ў стылістыцы рытм-энд-блюз, такой характэрнай для “Крамы” ва ўсе часы існаваньня групы. Твор гэты — зь ліку найбольш удалых у рэпэртуары наагул, і таму ён невыпадкова гучыць часам і сёньня падчас, на жаль, рэдкіх канцэртаў “Крамы”. Песьня ўзятая з альбома “Хворы на рок-н-рол”, які зьмяшчае надзвычай мала неабходнай інфармацыі. Вось чаму я не магу назваць нават аўтараў песьні, хоць, падазраю, музыку напісаў Ігар Варашкевіч, а словы — Зьміцер Лукашук. Мінула ўжо амаль дзесяць гадоў, сёньня “Крама” запісваецца значна лепш, а з удзельнікаў той сэсіі ў групе засталося няшмат музыкаў. Разьбегліся хлопцы: блюз у Беларусі — ня лепшая ежа.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG