Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Малады і нежанаты”. Музыка Васіля Раінчыка, словы Лявона Пранчака. Ліка і “Верасы”. Альбом “Між Менскам і Нью-Ёркам”, “Ковчег”, 2000



Як я часам разумею спадара Станіслаўскага, які, гледзячы за тым, як працуе на сцэне актор, нібыта вымавіў бесьсьмяротнае “Ня веру!”. Вось і я часам, слухаючы якую з гучна разрэклямаваных зорак эстрады, таксама ня веру — ні ў наяўнасьць майстэрства, ні ў тое, што выконваецца песьня шчыра і сумленна.

Сказаў я тое не ў дачыненьні да сьпявачкі, чый голас мы пачуем сёньня. Хоць, шчыра кажучы, называць Ліку менавіта сьпявачкай мне ня вельмі хочацца. Ведаеце, калі на сцэну выходзіць прыгожая жанчына, неяк ужо зусім не выпадае аналізаваць, ці багаты ў яе голас, ці здольная яна засьпяваць жыўцом так, каб мурашы па скуры пабеглі.

Да таго ж, прагучыць песьня “Малады і нежанаты” Васіля Раінчыка на словы Лявона Пранчака — твор ня тое каб арыгінальны, а той, які цалкам заслугоўвае вызначэньня “шлягер”. Шлягер жа, як вядома, і не павінен прэтэндаваць на арыгінальнасьць, бо ў папулярнай музыцы арыгінальнае, як правіла, не запамінаецца.

Пэўны налёт цыганшчыны, уласьцівы гэтай песьні, кампэнсуе, дарэчы, і ня вельмі выразнае выкананьне, бо запіс гэты, заўважце, — канцэртны. А падчас канцэртаў расчароўваюць, бывае, і больш знакамітыя выканаўцы. Як, скажам, Крыс дэ Бург, які жыўцом сьпявае проста фальшыва, хоць сам ён і не малады ўжо, і жанаты.

Такім чынам, тыповы, запамінальны шлягер у выкананьні Лікі і ансамблю “Верасы”. Пачуемся, маладыя й незамужнія!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG