Адна з найбольш прыкметных зьяваў у папулярнай музыцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя — так званыя альбомы “unplugged”. Гэта вядомыя творы, запісаныя ў акустычнай вэрсіі, зь мінімальным удзелам электронных інструмэнтаў. Не абмінула тая тэндэнцыя і Беларусь.
Група “NRM” на сёньняшні дзень, за выключэньнем, бадай, толькі “Песьняроў” — найбольш пладавіты калектыў айчыннай папулярнай музыкі ў сэнсе колькасьці выдадзеных альбомаў. Два гады таму дыскаграфія калектыву павялічылася за кошт двайнога альбому, назва якога гаворыць сама за сябе: “Акустычныя канцэрты канца ХХ стагодзьдзя”.
Рэпэртуар альбому складаўся з твораў вядомых і ня надта вядомых, а таксама зь песень, што ўвайшлі ў “Народны альбом”, у запісе якога музыканты групы таксама актыўна ўдзельнічалі. Песьні былі запісаныя падчас двух сапраўды акустычных канцэртаў у Менску.
Для сёньняшняй праграмы я абраў твор менавіта з “Народнага альбому” — песьню “Край ты, мой край”. І вось чаму. Менавіта падчас згаданых канцэртаў гэтая песьня прагучала ўпершыню ў новай аранжыроўцы, што, на маю думку, зьявілася пэўным эпіграфам стылістыкі, абранай пазьней як асноўная для альбому “Я нарадзіўся тут”.
Арыгінальная мэлёдыя песьні тут спалучылася з найвядомейшай мэлёдыяй песьні “Эль кондор паса”, якую праславілі на ўвесь сьвет удзельнікі дуэту “Сайман і Гарфанкел”. А ў выніку — нечаканая, арыгінальная кампазыцыя, дасьціпны ўзор беларускага музычнага постмадэрнізму канца ХХ стагодзьдзя.
Зьміцер Падбярэскі