Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Арэхава чаша”. Музыка Канстанціна Драпезы і Аляксандры Кірсанавай, словы народныя. Альбом “За ліхімі за марозамі”, “Ковчег”, 2001



Вельмі прыемна, калі твае прадказаньні збываюцца. Уласна, праграма “Мэлёдыя дня” не займаецца астралягічнымі прадказаньнямі, аднак калі сустракаецца з творамі сапраўды годных увагі айчынных выканаўцаў, не прамінае пажадаць ім посьпеху ў будучыні.

Барысаўскі дуэт “Аляксандра і Канстанцін” зьвярнуў на сябе ўвагу гаты з чатыры таму, а тое, што патэнцыяльна гэтыя музыканты зьяўляюцца творцамі і арыгінальнымі, і моцнымі ў прафэсійным пляне, засьведчыў выдадзены летась альбом “За ліхімі за марозамі”. І тое, што песьня “Арэхава чаша” ў выкананьні дуэту гучыць у нас менавіта сёньня, таксама невыпадкова.

Сёньня ў Віцебску адкрываецца вялікае такое сьвята фанэрнага мастацтва пад назваю “Славянский базар”, на якім хіба адзінаю сьветлай плямай будзе конкурс маладых выканаўцаў. Яшчэ ў канцы траўня было вядома, што менавіта дуэт “Аляксандра і Канстанцін” заяўленыя на гэты конкурс ад Беларусі, і такое рашэньне варта прызнаць слушным.

Праўда, творы зь іхнага рэпэртуару, арыентаваныя на беларускую стылістыку, наўрад ці закрануць сэрцы большасьці ўдзельнікаў журы, схільных да тупаватых гітоў.

Песьня “Арэхава чаша”, напісаная Аляксандрай і Канстанцінам на народныя словы, безумоўна, ня шлягер, аднак нашмат каштоўнейшая за тыя песенькі, якія дазваляюць заежджым зоркам з Расеі атрымліваць нябачныя для беларускіх сьпевакоў ганарары.

Тым ня менш хочацца пажадаць нашым маладым музыкантам посьпеху і хоць гэткім чынам падтрымаць тую правільную музыку, якую яны робяць. Мы зь імі яшчэ пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG