Калі Беларусь называюць краінай паэтаў, гэта азнае найперш тое, што шмат песень пішацца тут ня толькі на словы спрактыкаваных тэкставікоў, але й на вершы паэтаў-клясыкаў.
Я добра разумею, што сам рытмічны склад большасьці вершаў паэтаў, вядомых нам яшчэ па школьных падручніках, ня надта дазваляе ствараць песьні адпаведна патрабаваньням сёньняшняй музычнай моды.
З гэтай прычыны значная колькасьць напісаных нават у апошнія гады беларускіх песень з гледзішча стылістыкі выглядае даволі традыцыйна, аднак ня будзьма забываць, што гэта — традыцыя станоўчая, добрая. Прынамсі, за такія песьні ня сорамна ў адрозьненьне ад таго, што цяпер выкідаюць на рынак многія расейскія, так бы мовіць, кампазытары ды тэкставікі.
Аляксандар Кацікаў, калі ў канцы 1990-х ствараў цыкль песень на лірычныя вершы Ларысы Геніюш, канечне ж, выдатна разумеў сытуацыю. Тым больш, што пісаліся гэтыя песьні яшчэ тады, як кампазытар працаваў у складзе ансамблю “Песьняры”, таму з музычнага боку песьні цесна прывязаныя да тыповай для “Песьняроў” стылістыкі.
Вось і песьня “Зорка” таксама выглядае традыцыйна, аднак як у мэлёдыцы, так і ў рытмавай арганізацыі тут можна адчуць шмат уласьцівых менавіта сёньняшняму дню акцэнтаў. Аляксандар Кацікаў яўна ня ставіў сабе мэту стварыць шлягер: іначай ён узяў бы зусім іншыя вершы.
І ў той жа час ніхто ня будзе аспрэчваць факту, што песьня атрымалася. Зрэшты, пераканайцеся ў тым самі. А мы пачуемся заўтра, у тым ліку і на зорцы.
Зьміцер Падбярэскі