Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Сумую безь цябе”. Музыка, аранжыроўка ды выкананьне — Уладзімер Угольнік. Альбом “Уладзімер Угольнік №2”, “Ковчег”, 2001



Cярэдзіна лета — час, які вымагае задумацца пра нешта больш актуальнае, чым праца ды выкананьне гаспадарчых плянаў. Бо на першы плян выходзіць патрэба адпачынку. Між тым “Мэлёдыя дня” ня ведае, што гэта такое — адпачынак.

Найбольш актуальным пытаньне адпачынку зьяўляецца для тых, хто працуе ў галіне адукацыі, хоць, зразумела, вакацыі датычацца найперш школьнікаў ды студэнтаў. Выкладчыкі ж вышэйшай школы працуюць яшчэ і падчас уступных экзамэнаў. У гэтым сэнсе цяжка загадваць, калі, напрыклад, той жа Ўладзімер Угольнік атрымае час на тое, каб запісаць чарговы альбом.

Сёньня я прапаную паслухаць кампазыцыю зь ягонага папярэдняга, 2001 году, альбому. Тая п’еса называецца “Сумую безь цябе” і па рытміцы ўзыходзіць да боса-новы. А калі боса-нова — значыць, п’еса лірычнага зьместу, пазначаная выразнай мэлёдыяй і адсутнасьцю ў гучаньні гітары нейкіх рэзкіх тэмбраў.

Загадка, такім чынам, застаецца адна: па кім жа гэтак сумуе загадчык катэдры эстраднай музыкі Беларускага ўнівэрсытэту культуры? Цяжка сказаць: ці то па вучнях, ці то па навучальным працэсе, ці то па студыі гуказапісу? Апошняе, дарэчы, найбольш рэальна, бо спадар Угольнік аж перапоўнены музычнымі ідэямі і здольны ўвасабляць іх на зайздросным узроўні. У чым мы зараз лішні раз і пераканаемся.

“Сумую без цябе”, музыка і аранжыроўка Ўладзімера Ўгольніка — дастаткова рэдкі для гэтага музыканта выпадак выхаду ў лірыку.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG