Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Доля, мая доля”. Група “Янка”. Альбом “Музычная гасьцёўня. Выпуск 3. За маладых”, “Ковчег”, 1997



Роздум пра долю ў беларускіх песьнях звычайна выказваецца ў песьнях тужлівых, маркотных, мінорных і распаўсюджаны даволі шырока. Доля ў нас такая, што асабліва і не павесялісься. Аднак у кожным правіле маюцца свае выключэньні.

Перад тым, як назваць тое выключэньне, нагадаю, што мы праслухалі на гэтым тыдні. Песьняй “Крылы” Ірына Дарафеева адзначыла першы ў жыцьці сапраўдны юбілей, песьня “Пагоня” прагучала як знак салідарнасьці з журналістамі ганебна растаптанай уладаю аднайменнай газэты. Аляксандар Софікс прэзэнтаваў фрагмэнт праграмы “Музыка для роздуму” — п’есу “Дождж”, група “Камэлот” нагадала пра сябе песьняй “Грай, дудар”, а біт-група “Флэт” песьняй “What’s The Matter” сама ў сябе пацікавілася, чаго ж дагэтуль ня мае новага альбому?

Скончыць мэлядыйны тыдзень мне хочацца народнай песьняй “Доля, мая доля” ў выкананьні фальклёрнай групы “Янка”. Гэты калектыў вы маглі неаднойчы пачуць як у Менску, так і на вуліцах іншых эўрапейскіх сталіцаў.

Як паведамілі мне музыканты, збольшага яны зарабляюць на жыцьцё менавіта жывой музыкай. На ўласныя грошы запісалі й выдалі сольны альбом, усе творы для якога самі аранжавалі. У рэпэртуары групы ня толькі творы, так бы мовіць, вясковага характару, але й песьні гарадзкія.

Як жывецца і працуецца музыкам ва ўмовах своеасаблівага гаспадарчага разьліку, цяжка сказаць. Прынамсі, пра долю яны сьпяваюць даволі мажорна.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG