Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Ой, Купала”. Выканаўца — група “Палац”. Альбом “Чужыя дзеўкі”, “West Records”, 2002



Прыемныя справы, як кажуць, зацягваюць. Вось і я, заявіўшы ўчора пра надзвычайную колькасьць твораў купальскай тэматыкі ў сучаснай беларускай музыцы, раптам усьвядоміў, што за сказанае давядзецца адказваць.

Нагадаю мэлёдыі, якія гучалі ў папярэднія дні. Анатоль Ярмоленка разам зь “Сябрамі” гучна адзначыў паўгоду гучаньня ў эфіры нашае праграмы, пасьля чаго музыканты “Нэйра Дзюбэля” запэўнілі, што яны хутчэй памруць тут, чым некуды зьедуць. Данчык сьпяваў клясыку — “Мой родны кут”, а піяністка Ірына Шуміліна выканала “Польку” Яна Тарасэвіча. Джаз-група “Пяты кут” зірнула на мэлёдыю “Бульба” з пазыцыяў відаў на Дажынкі, а ансамбль “Яблычная гарбата” рыхтаваў насельніцтва да сьвята Купальля.

Калі адштурхнуцца ад творчасьці “Песьняроў” і паспрабаваць прасачыць, як з часам зьмяняліся аранжыроўкі беларускіх народных песень у залежнасьці ад моды, што стаяла на двары сусьветнай папулярнай музыкі, можна зрабіць шэраг цікавых назіраньняў.

Першыя нясьмелыя спробы аранжыровак народных твораў “Песьняроў” на пачатку 1970-х ужо самі па сабе выклікалі рэзкае непрызнаньне многіх акадэмічных дасьледчыкаў фальклёру. Сучаснае прачытаньне народнае спадчыны тады толькі намацвалася і рабілася збольшага з пазыцыяў стылістыкі вакальна-інструмэнтальных ансамбляў.

А вось музыканты “Палацу” працуюць куды сьмялей, уводзячы ў тканіну твораў літаральна ўсё, чым дыхае сусьветная папулярная музыка. Беручы ў сучаснай музычнай моды многае, яны й аддаюць сьвету ўсё тое, чым багаты беларускі фальклёр, уводзяць яго ў кантэкст сусьветнай культуры.

Праўда, і гэтае іхнае стаўленьне да спадчыны таксама выклікае ў сяго-таго непрызнаньне, хоць і не такое моцнае, якое зьведалі ў свой час “Песьняры”. “Ой, Купала” — песьня з альбому “Чужыя дзеўкі”. Але ж якое Купальле бязь дзевак! Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG