Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Полька”. Музыка Яна Тарасэвіча. Выкананьне — Ірына Шуміліна. Альбом “Ян Тарасэвіч”, “Acte Prealable“, Польшча, 2000



Многія зьвязваюць паняцьце “папулярная музыка” выключна з творамі пацяшальнага зьместу ў выкананьні прывабна-штучных маладых асобаў няпэўнай полавай прыналежнасьці. Праграма “Мэлёдыя дня” таксама заснаваная на паказе музыкі папулярнай. Адно разумее гэты тэрмін па-свойму.

І сапраўды: на нашую думку, паняцьце “папулярная музыка” мусіць уключаць у сябе досыць шырокую жанравую ды стылявую гаму музыкі. Гэта ня толькі рок-музыка і джаз у іх клясычных варыянтах, але й яшчэ, безумоўна, музыка народная, творы з падмосткаў апэрэты і м'юзыклаў і нават найбольш вядомыя опэрныя арыі, якія выхаваныя, сапраўды высокай культуры людзі ведаюць ці не напамяць і могуць нават насьвістваць — не раўнуючы як “Цячэ вада ў ярок”.

Скажу больш: да твораў папулярных жанраў можна сьмела адносіць і некаторыя опусы музыкі акадэмічнай. Напрыклад, 2-я частка 40-й сымфоніі Моцарта — гэта, па сутнасьці, шлягер, ня кажучы ўжо пра адзін твор Шапэна, такі папулярны ў народзе.

Тое ж самае можна сказаць і пра твор беларускага кампазытара Яна Тарасэвіча, імя якога адкрылася для айчыннай культуры параўнальна нядаўна. Ягоная “Полька” заснаваная на дзьвюх тэмах зь беларускага фальклёру і ўжо хоць бы таму мае ўсе падставы лічыцца творам папулярнай музыкі.

Я згодны, што па натуры сваёй твор акадэмічнай музыкі прагучыць у нашай праграме нечакана, але ўслухайцеся, як яго выконвае падчас канцэрту ў Менску Ірына Шуміліна. І тады яшчэ раз задумайцеся над тым, што ж можна лічыць музыкай папулярнай.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG