Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Мой родны кут”. Музыка Ігара Лучанка, верш Якуба Коласа. Данчык. Дэма-запіс



Нашую рэчаіснасьць і сапраўды зразумець часам надзвычай складана. Гэта я зноў пра тыя сьвяты разважаю. Бо яшчэ зусім нядаўна 3 ліпеня для нас было адным сьвятам, цяпер жа сталася зусім іншым. Чаму — здароваму розуму зразумець цяжка. Ну й ня будзем тлуміць сабе галаву.

Гэтая песьня ўжо гучала ў нашай праграме, і цяпер я магу адно паўтарыцца, сказаўшы, што ў кожнага народу маюцца такія песьні, якія можна слухаць неаднойчы і ў самым розным выкананьні. І пры гэтым такія песьні ніяк не надакучваюць. “Мой родны кут” Ігара Лучанка на верш Якуба Коласа — безумоўна клясычная пазыцыя ў беларускай песеннай культуры, твор шырокага, расьпеўнага гучаньня, надзвычай удзячны матэрыял для выкананьня літаральна ў любой, няхай нават сучаснай стылістыцы.

Песьні гэтай ня больш за 30 гадоў ад нараджэньня, аднак сьпяваюць яе беларусы, заўважце, па ўсім сьвеце. Прагучаўшы ўпершыню ў выкананьні ансамблю “Песьняры”, твор гэты пасьля зьведаў мноства іншых варыянтаў. Уласную вэрсію стварыў і Данчык, прычым падчас запісу песьні ён яўна абапіраўся на стылістыку “песьняроўскага” арыгіналу, адно што выступаў не як удзельнік магутнай вакальнай “пачкі”, а ўсё ж як саліст.

У гэтым і адметнасьць запісу, гэтым яна і цікавая, таму што выканаўца здолеў адшукаць уласную інтанацыю, здолеў зрабіць так, што песьня гучыць як менавіта ягонае, Данчыкавае, прызнаньне Радзіме ў дзень, калі адзначаецца нейкае скамечанае, прабачце, штучнае сьвята.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG