Кожны народ мае песьні, якія ўслаўляюць радзіму, родныя мясьціны. І кожны з нас любіць радзіму па-свойму. Таму і любімыя песьні, прысьвечаныя роднаму краю, у кожнага з нас — свае. Што да музыкаў, дык і яны, зразумела, кожны па-свойму выказваецца ў той любові.
Было б памылкай лічыць, што сёньня, у час, калі пануе разьлік, а шчырасьць саступае месца грошам, песьні, прысьвечаныя Радзіме, ня пішуцца наогул. Гэта ня так, адно што на практыцы спраўджваецца выслоўе: новыя часы — новыя песьні. І сапраўды: на сцэну выходзяць аўтары і выканаўцы новай генэрацыі, якія, натуральна, успрымаюць тэму патрыятызму па-свойму, не жадаючы паўтараць тое, што было зроблена папярэднікамі.
Можна па-рознаму ставіцца да творчасьці групы “Нэйра Дзюбэль”, аднак у чым не адмовіш музыкантам, дык гэта ў шчырасьці выказваньня, няхай далёка ня ўсім такая шчырасьць падабаецца. Песьня з кампутарнай такой назваю “Tut.by” з рэпэртуару гэтага калектыву — своеасаблівы адказ на альбом “Я нарадзіўся тут”, бо ў гэтай песьні Аляксандар Кулінковіч і сябры — у сэнсе калегі, а не ансамбль — паўтараюць “Я памру тут”.
У кантэксьце гэтай песьні такія словы гучаць больш чым пераканальна. Сапраўды: можна нарадзіцца тут і потым усё жыцьцё быць недзе там, ужо з-за мяжы выказваючыся ў любові да Радзімы. Але куды скаладаней, улічваючы беларускія рэальнасьці, гучна заявіць, што ты застанесься на Радзіме назаўсёды.
“Я памру тут”. Згадзіцеся, такое прызнаньне вартае шмат чаго. Тым ня менш — пачуемся!
Зьміцер Падбярэскі