Баляда — жанр надзвычай унівэрсальны. Бо мы ўсе з аднолькавай асалодаю слухаем і рок-баляды, і народныя творы баляднай скіраванасьці, інструмэнтальныя баляды, творы аўтарскай песьні, якія таксама цалкам адпавядаюць гэтаму старажытнаму музычнаму жанру.
Я нагадаю вам, што звыш 150 твораў у выкананьні беларускіх музыкантаў, якія працуюць у самых розных жанрах ды стылях, вы можаце адшукаць на нашым сайце. Сярод іх ёсьць, зразумела, і размаітыя баляды, а сёньня вы пачуеце яшчэ адну.
Песьня “Белая лебедзь” была напісаная Касяй Камоцкай і Зьмітром Вайцюшкевічам на верш Анатоля Сыса. Гэты твор цалкам адпавядае баляднаму жанру, таму што мае выразную, запамінальную мэлёдыю, надзвычай напеўную і плаўную, вызначаецца дастаткова стрыманым, мілагучным гучаньнем і адначасова — адсутнасьцю якой-небудзь саладжавасьці.
Зьвяртаю вашую ўвагу на тэкст, які ўжо сам па сабе нібыта задае пэўны настрой і дыктуе характар мэлёдыі. Такое ўражаньне, што ў гэтым выпадку аўтару музыкі толькі й засталося, як падпісацца пад тэкстам, які сам прасіўся ўвасобіць яго толькі ў такім, здаецца, а ні якім іншым выглядзе. Канечне, гэта далёка ня так: іншы кампазытар напэўна стварыў бы на аснове верша нешта сваё. Але магу гарантаваць, што таксама баляднага характару.
“Белая лебедзь” — так у арыгінале, і Кася Камоцкая. А мы пачуемся заўтра!
Зьміцер Падбярэскі