Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Броўкі мае”. Музыка Вольгі Вераб’ёвай, словы народныя. Вакальная група “Камэрата”. Альбом “Мой анёл”, аўтарскае выданьне, 2000



Я ўпэўнены ў тым, што музыка народная будзе жывіць музыку папулярную, колькі будзе існаваць апошняя. І якія б высокія адзнакі мы не выстаўлялі модным шлягерам, варта памятаць, што ўсе яны так ці інакш узыходзяць да музыкі народнай.

Калі б нехта паспрабаваў прааналізаваць усю палітру сучасных аранжыровак народных песень, дык карціна атрымалася б сапраўды маляўнічая і, можна казаць, — манумэнтальная. Тут былі б традыцыйныя аранжыроўкі для ансамбляў народнай музыкі, джазавыя прачытаньні, вэрсіі прыкладнога характару, напрыклад, для дыскатэкаў, творы, адаптаваныя для опэрных спэктакляў, нарэшце, аранжыроўкі, характэрныя для экстрэмальнай рок-музыкі.

Вакальная група “Камэрата” адшукала ўласны шлях работы з народным матэрыялам. Для песьні “Броўкі мае” Вольга Вераб’ёва напісала арыгінальную музыку, скарыстаўшы народны тэкст. Аранжыроўка была зробленая тыповая для гэтага калектыву і абапіралася на тэхніку амбушурных, гукапераймальных сьпеваў. У гэтым творы не ўжываўся ніводзін музычны інструмэнт — толькі галасы.

Плотная, віртуозная вакальная пачка, дакладнае выкананьне і надзвычай арыгінальная аранжыроўка твору з альбому “Мой анёл”, выдадзенага пазалетась.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG