Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Александрына”. Музыка Ўладзімера Мулявіна, словы Петруся Броўкі. Аляксей Шадзько і Піт Паўлаў. Альбом “Песьнярок”, “ПанРекордз”, 1997



У гісторыі ўсясьветнай папулярнай музыкі ёсьць творы, да якіх пастаянна зьвяртаюцца выканаўцы розных узростаў. Нездарма такія творы ў практыцы атрымалі назву “эвэргрын” — вечназялёны. Ёсьць такія творы і ў беларускай музыцы. Адзін зь іх мы сёньня і пачуем.

Такім чынам, адзін з найбольш папулярных беларускіх эвэргрынаў — славутая “Александрына” з рэпэртуару “Песьняроў”. Напісаная яна была ў 1970 годзе, як расказваў мне сам аўтар музыкі Ўладзімер Мулявін — з разьлікам на голас Леаніда Барткевіча.

Песьня імгненна набыла проста неймаверную, шалёную папулярнасьць, гучала літаральна на кожным кроку. Таму садзейнічалі сапраўды ўдалая мэлёдыя і нейкае пранікнёнае, тонкае, я нават бы сказаў — сьвежае выкананьне.

Больш чым праз чвэрць стагодзьдзя гэтую песьню для праекту “Песьнярок” падрыхтавалі Аляксей Шадзько і Піт Паўлаў. Дзеля праўды дадам, што ў запісе ўдзельнічала і віялянчэлістка Юля, якая і дагэтуль выступае з Аляксеем. Канечне ж, гэта была ня копія “Песьняроў”, а ўласнае, арыгінальнае прачытаньне тады ўжо клясычнай беларускай песьні. Уладзімер Мулявін, Пятрусь Броўка і “Александрына” ў вэрсіі Шадзько і Паўлава з пажаданьнем спадару Мулявіну моцнага здароўя. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG