Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Ох, сэрца, ох...” Музыка, словы народныя. Альбом “Зеркала памяти”, 2-е аўтарскае выданьне, 2002



Маё глыбокае перакананьне: ня мова, на якой выконваецца песьня, вызначае нацыянальную прыналежнасьць выканаўцы, а той дух, які прысутнічае (альбо не) у музычным творы. І няма нічога больш пагрозьлівага, калі музыкантаў пачынаюць дзяліць на добрых і дрэнных, засноўваючыся выключна на моўных характарыстыках.

Нагадаю, якія творы гучалі ў нашай праграме на гэтым тыдні. Ансамбль “Песьняры” выказаў захапленьне зачараванай дзяўчынай, што была народжаная сумеснымі намаганьнямі Ігара Лучанка ды Генадзя Бураўкіна, Алег Атаманаў зьвяртаўся да ўсіх братоў па духу, каб яны трымаліся, нягледзячы ні на што, а маладая група “Айша” песьняй “Ёкагама” жадала беларускім футбалістам убачыць падчас трансьляцыяў з Паўднёвай Карэі ды Японіі толькі найбольш для сябе карыснае.

Мы пачулі кавэр-вэрсію славутай песьні “Мой родны кут” ў выкананьні Дзяржаўнага народнага аркестру Беларусі й Ніны Казловай, стылізацыю манеры ВІА пачатку 80-х мінулага стагодзьдзя ў песьні “Савецкае шампанскае” з праекту “Крамбамбуля” і “Цяжкі блюз” у выкананьні віртуоза беларускай гітары Ўладзімера Ўгольніка.

Яшчэ ў студзені ў нашай праграме прагучала песьня ў выкананьні гамяльчанкі Зоі Гарынай, якая напэўна запомнілася многім. Днямі мы атрымалі ад Зоі новы запіс, гэтым разам — народнай песьні “Ох, сэрца, ох...”

Гэта даволі нечаканы паварот у яе творчасьці — раней Зоя будавала рэпэртуар выключна на аўтарскіх творах. Але што цікава: нават народны матэрыял Зоя максымальна наблізіла да ўласнай непаўторнай выканальніцкай манеры. Гарына ў Беларусі — ці не адзіная выканаўца, якая яскрава працуе ў жанры акторскай песьні. І атрымліваецца гэта ў яе выдатна. Зрэшты, пераканайцеся самі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG