Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Савецкае шампанскае”. Музыка і словы Лявона Вольскага. Праект “Крамбамбуля”. Альбом “Крамбамбуля”, “West Records”, 2002



Словаспалучэньне “Савецкае шампанскае”, як параўнальна нядаўна адкрылася, зьяўляецца ня толькі незаконным, але і проста недарэчным. Ужо хоць таму, што шампанскім можа называцца толькі той напой, які вырабляецца ў правінцыі Шампань, што ў Францыі. Усё іншае, нягледзячы на падобную тэхналёгію, — не шампанскае.

Ня варта падрабязна тлумачыць, што да падробак — што ў галіне лёгкіх і моцных напояў, што ў музыцы — праграма “Мэлёдыя дня” ставіцца рэзка адмоўна. “Савецкае шампанскае”, дарэчы, ня самы прывабны наш напой, хоць у апошні час ён-такі прыцягнуў нашую ўвагу з прычыны выданьня альбому з запісамі твораў з супольнага музычнага праекту “Крамбамбуля”.

Праект гэты спэцыфічны, заснаваны на ўвасабленьні сродкамі музыкі й слова вобразаў некаторых папулярных у розных народаў сьвету алькагольных напояў. Адна зь песень так і называецца — “Савецкае шампанскае”.

Гэты твор нельга называць пародыяй на жанр вакальна-інструмэнтальных ансамбляў пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Гэта хутчэй даволі ўдалая стылізацыя, адно што з сапраўды пэўным элемэнтам пародыі. На гэта ў песьні працуе шмат: рытмічная аснова, гучаньне інструмэнтаў, манера выкананьня і нават увядзеньне ў тканіну твора тыповых для названых гадоў прыёмаў аранжыроўкі.

Усё атрымалася дастаткова густоўна, хоць, канечне ж, можна лёгка адчуць, калі была напісаная гэтая песьня. Музыканты, што называецца, з усьмешкай разьвітваюцца як з эпохай, так і з “Савецкім шампанскім”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG