Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Бераліна факстрот”. Музыка Кшэсіміра Дэнбскага. Квінтэт Ігара Сафонава. Альбом “Misty”, “Ковчег”, 1996



На шчасьце, ад Ігара Сафонава некаторыя запісы засталіся, найперш дзякуючы фэстывалю “Віцебская восень”, які адбываўся ў 1980-я гады, яшчэ да таго, як паўстаў “Славянскі базар”. Але ж прыкра ўсьведамляць, што зь пяцёх музыкантаў гэтага калектыву няма на гэтым сьвеце Ігара Сафонава і Юрыя Пікуса, бас-гітарыст Барыс Бернштэйн і піяніст Леанід Златкін жывуць за мяжой, і толькі Ўладзімер Ткачэнка, які іграў у квінтэце на гітары, жыве і працуе ў Беларусі.

У 1987 годзе падчас чарговай “Віцебскай восені” была запісаная п’еса польскага скрыпача Кшэсіміра Дэнбскага “Бераліна факстрот”. Ня варта думаць, што гэта — клясычны факстрот. Не, п’еса — выразны ўзор сучаснага джазу, заснаваны на вострай фразыроўцы, актыўнай гукавой атацы і, зразумела, на віртуёзнасьці выкананьня. Чым-чым, а гэтым удзельнікі ансамбляў пад кіраўніцтвам Ігара Сафонава вызначаліся заўсёды.

Гэта быў ансамбль сапраўды найлепшых, адмысловых знаўцаў музыкі, гэткі па значэньні дзяржаўны джаз-ансамбль Беларусі. Праўда, не ацэнены афіцыёзам у свой час. Але і сёньня гэтая музыка застаецца яскравым узорам для перайманьня.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG