Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Стэла пры сьвятле зорак” В.Янга. Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі й салісты. Альбом “Джазавы канцэрт”, “Ковчег”, 1997



Прадказваць беларускае надвор’е хоць бы на дзень наперад — занятак занадта рызыкоўны. Вось і я не рызыкую, адно спадзяюся, што ў дзень, калі прагучыць гэтая музыка, будзе цёпла, а на начным небе запаляцца прывабныя чэрвеньскія зоркі.

Я нездарма пачаў з размовы пра надвор’е. Менавіта да гэтай тэмы прымеркаваная п’еса, якую прапаную вам сёньня ў якасьці мэлёдыі дня. Гэта — адна з найбольш вядомых джазавых балядаў “Стэла пры сьвятле зорак”. Стэла, як вы разумееце, — у дадзеным выпадку ня архітэктурнае збудаваньне, а жаночае імя.

Сама мэлёдыя была напісаная кампазытарам Вікторам Янгам у 1944 годзе як галоўная тэма да мастацкага фільму “The Uninvated”. Вядомыя дзясяткі, калі ня сотні варыянтаў увасабленьня гэтай тэмы самымі рознымі музыкантамі, у тым ліку і ў Беларусі.

Цяжка казаць, хто аранжаваў музыку Віктора Янга для Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі (на дыску імя аранжыроўшчыка не пазначанае), але ў нашым выпадку мы маем справу з кампазыцыяй, вытрыманай у не характэрным для баляды хуткім тэмпе. Што ж, нетрадыцыйны падыход да звыклага таксама цікавы, асабліва калі салістамі выступаюць сапраўды зорныя музыканты — трамбаніст Дзьмітры Бударын ды гітарыст Сяргей Анцішын.

Слухайце музыку, глядзіце на зоркі, калі няма хмараў, згадвайце Стэлу ці яшчэ каго. А мы пачуемся заўтра, як разьвіднее.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG