Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Беларусь мая”, музыка В.Навіцкага, словы С.Сокалава-Воюша. Выкананьне — Данчык



Пачуцьцё Радзімы — гэта пачуцьцё часам загадкавае і невытлумачальнае. Звычайна, як ты жывеш дома, яно, здаецца, цалкам цябе не кранае. Аднак толькі выедзеш на якія дзень–другі за межы роднай краіны, як міжволі пачынаеш нават у дробязях выказваць прыналежнасьць менавіта да яе. Альбо, прынамсі, да “Мэлёдыі дня”.

Прыезд у пачатку 1990-х у Менск сьпевака з Амэрыкі, якога звалі па-свойску Данчыкам і які — амэрыканец! — сьпяваў хоць зь лёгкім, нетутэйшым акцэнтам, але ж па-беларуску, быў успрыняты як сэнсацыя. Тады нам, наіўным, здавалася, што Беларусь сапраўды пачынае рабіцца роўнай паміж краінамі сьвету, пачынае адкрываць межы тым землякам, якія з розных прычынаў аказаліся далёка ад радзімы.

Не, ня тое, што госьць з-за акіяну сьпяваў знаёмыя, як кажуць, да болю і разам з тым упершыню многімі чутыя песьні выклікала энтузіязм публікі. А менавіта, як мне здаецца, той самы факт, што Данчык нібыта адкрыў Беларусь Беларусі, паказаў, што нават далёка ад Радзімы беларус можа застацца беларусам, што нас, такіх, ва ўсім сьвеце шмат, а Беларусь для ўсіх нас — адна.

Канечне, гэта было збольшага ўсё ж аматарскае, хоць і рупліва адшліфаванае выкананьне, пры гэтым вызначальным была ягоная шчырасьць, якая, вядома, не магла не крануць. Адна з найбольш вядомых песень з рэпэртуару Данчыка — “Беларусь мая”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG