Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Матуля”. Музыка, словы і выкананьне — Алена Казанцава. Альбом “Белоснежка”, “Ковчег”, 1996



Аднойчы гэтая сьпявачка выступала ў праграме “Начная зьмена” расейскага тэлеканалу. Як жа была ўражаная вядучая праграмы, калі толькі ў канцы даведалася, што госьця мусіць ехаць дадому, але не ў які маскоўскі спальны раён, а ў Менск. Яна, мусіць, была ўпэўненая, што найлепшыя людзі жывуць толькі ў Маскве.

Алена Казанцава — чалавек сапраўды неардынарны. Неяк ціха, непрыкметна яна зрабіла сапраўдную кар’еру, прычым ня толькі на радзіме, у Беларусі, але і ў Расеі, што цалкам зразумела, паколькі пераважная большасьць песень зь яе рэпэртуару напісаная на расейскай мове.

Алена парадаксальная ў творчасьці — здавалася б, нелягічная, здольная літаральна ў чатырох радках верша выказаць столькі, сколькі іншаму аўтару ня выказаць і ў паэме. Кожная яе песьня — гэта невялічкая гісторыя, аповед, якія напісаны падчас лёгкімі, амаль акварэльнымі мазкамі.

У альбоме “Беласьнежка”, які быў выдадзены недзе ў 1996 годзе, Алена Казанцава зьмясьціла песьню “Матуля” — адзіную, зрэшты, на беларускай мове. Не магу сказаць, што было прычынай, якая выклікала зьяўленьне гэтай дастаткова сумнай песьні. Падазраю, ня самыя радасныя падзеі. Але песьня гэтая ня можа не крануць.

Здавалася б, усё тут проста, нават надзвычай проста: даходлівыя словы, гучаньне гітары, элемэнтарны, без наваротаў і мэлізмаў, жаночы голас. А ўражаньне, як кажуць, на ўсё жыцьцё. “Матуля”, песьня Алены Казанцавай. Прасьцей і прыгажэй не бывае. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG