Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “А ў лесе, лесе” ў аранжыроўцы М.Анцава. Выконвае М.Забэйда-Суміцкі і лёнданскі аркестар “Адэон” п/к Дж.Герта. Альбом “Ластаўкі ў стрэсе”, 2000



Ствараючы музыку сучасную, ня варта забывацца на тое, што было створана да нас. Адна з мэтаў праграмы “Мэлёдыя дня” ў тым, каб нагадваць вам, што выконвалі беларускія музыканты ў той час, калі большасьці цяперашніх зорак папулярнай музыкі яшчэ й на сьвеце не было.

Альбом “Ластаўкі ў стрэсе”, у назьве якога закладзеная пэўная гульня слоў, мае падзагаловак “Збор рарытэтаў”. Сапраўды, гэты збор зьмяшчае 31 песьню, запісаныя сьпеваком у розныя гады і з рознымі калектывамі.

Праўда, тут маюцца адно арыгінальныя творы беларускіх кампазытараў ды апрацоўкі беларускіх народных песень. Між тым, фрагмэнты з опэрных твораў адсутнічаюць. Так што ёсьць спадзяваньне на тое, што першы збор рарытэтаў атрымае працяг. Тым больш, мне вядома пра тое, што з ініцыятывы іншых, не з “БМА-груп”, людзей падрыхтаваны збор менавіта опэрнага рэпэртуару Міхася Забэйды-Суміцкага.

Народная песьня “А ў лесе, лесе” — твор даволі вядомы. Яна была запісаная Забэйдам-Суміцкім разам зь лёнданскім аркестрам “Адэон” пад кіраўніцтвам Джорджа Герта. Аранжаваў песьню, здаецца, усё ж Міхаіл Анцаў, хоць на выдадзеным альбоме насупраць ягонага прозьвішча значыцца ініцыял А.

Зрэшты, справа нават ня ў гэтым. Паслухайце, як гучыць песьня ў выкананьні аднаго з найлепшых сьпевакоў у гісторыі беларускай акадэмічнай музыкі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG