Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Крамбамбуля”, музыка і словы Лявона Вольскага. Розныя выканаўцы. Аднайменны альбом, дэма-выданьне, 2002 г.



Пачатак гэтага году з пункту гледжаньня музычнай выдавецкай дзейнасьці быў надта ж млявы. Затое ў канцы красавіка як пасыпалася! Прынамсі, адразу некалькі цікавых альбомаў ці то ўжо прэзэнтаваліся, ці то былі абвешчаныя гатовымі да выданьня.

Адзін з такіх альбомаў прэзэнтаваўся нядаўна ў адной зь менскіх рэстарацый. А яшчэ кажуць, што ў Беларусі няма музычнага шоў-бізнэсу. Прэзэнтацыя атрымалася як мае быць! Адпаведна характару прадукта, які быў прадстаўлены прэсе, сталы ледзь не ламіліся ад размаітых напояў, сярод якіх многія з прысутных упершыню паспрабавалі “Крамбамбулю”. Менавіта такую назву атрымаў застольны альбом, на якім аўтар праекту Лявон Вольскі прадставіў 14 нумароў выразнай алькагольнай скіраванасьці.

Не, гэта не прапаганда п’янства. Усе 14 песень больш-менш удала адлюстроўваюць найбольш знакавыя алькагольныя напоі той ці іншай краіны. Музыка альбома лёгкая, без прэтэнзій, пэўным чынам стылізаваная адпаведна геаграфічным прыкметам. Як мне думаецца, песьні гэтыя будуць гучаць актыўна, бо ў цэлым задумка атрымалася. А для больш поўнага знаёмства з альбомам я абраў загалоўную мэлёдыю, стылізаваную якраз пад запіс, нібыта ўзяты са старой, на 78 абаротаў, кружэлкі. “Крамбамбуля”. Напой, канешне, смачны, але рызыкоўны.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG