Як сьцьвярджае стары анэкдот, хоць тушкай, хоць чучалам, аднак ехаць — трэба. Тым больш што травень — гэта той месяц году, які распачынае пэрыяд масавых адпачынкаў, а значыць, да падарожжаў варта пачынаць рыхтавацца ўжо цяпер.
Песьня “I Gotta Move” ў біяграфіі менскага бас-гітарыста Аляксея Казлоўскага мела, бадай, сымбалічнае значэньне, таму што менавіта пад такой назваю ў 1999 годзе сьвет убачыў другі альбом групы “Mojo Blues”, якую ён і ўзначальваў. Альбом той быў выдадзены акурат напярэдадні, можна сказаць, найбольш адказнага і рызыкоўнага падарожжа Аляксея. Чалавек сталага ўзросту вырашыў карэнным чынам зьмяніць лёс, а таму — зьехаць за мяжу, на радзіму той музыкі, якую ён і выконваў часьцей за ўсё.
Гаворка ідзе пра блюз, у якім Аляксей — адзін з найбольш дасьведчаных беларускіх музыкантаў. Што-што, а пачуцьцё стылю ў Казлоўскага — ці ня ўзорнае. Калі ж дадаць да гэтага надзвычай высокую якасьць запісу, разнастайны рэпэртуар альбома і ўменьне ўсіх удзельнікаў запісу, можна казаць, што “I Gotta Move” — адзін з найлепшых альбомаў ва ўсёй беларускай рок-музыцы. Так што, відаць, ехаць і сапраўды мела сэнс. Таму, слухаючы гэты беларускі блюз, рыхтуйцеся да летніх падарожжаў. Хто за мары-акіяны, хто — на лецішча, аднак заўсёды — з “Мэлёдыяй дня”.
Зьміцер Падбярэскі