Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы мне жыцьцём і забыцьцём былі”. А.Камоцкі, верш Р.Барадуліна, аранжыроўка У.Ткачэнкі. Альбом “Зорка спагады”, “Grand Records”, 2000



Кажуць, раманс — гэта жанр старадаўні і даўно ня модны, не актуальны. Ды гэта як сказаць. Прынамсі, рамансавыя праграмы на фэстывалі “Залаты шлягер” зьбіралі паўнюткія залі. Дый цяпер час ад часу пішуцца такія творы, якім можна прадказаць працяглае рамансавае жыцьцё.

Толькі за два апошнія гады давялося пазнаёміцца адразу зь дзьвюма праграмамі твораў, якія амаль цалкам трапляюць пад паняцьце сучаснага рамансу. Гэта альбом “Люстэркі памяці” гамяльчанкі Зоі Гарынай і альбом “Зорка спагады” Алеся Камоцкага. Апошняя праграма была створаная цалкам на вершы Рыгора Барадуліна.

Вершы тыя ўразілі сапраўды клясычнай рамансавай атмасфэрай і натуральным юнацкім настроем. Здавалася, яны самі кладуцца на музыку. Канечне, Алесь Камоцкі, які здаўна сябруе са спадаром Рыгорам, ня змог ня выкарыстаць гэтыя па сутнасьці гатовыя рамансы. Адно запрасіў да супрацоўніцтва гітарыста ды аранжыроўшчыка Ўладзімера Ткачэнку і запісаў амаль два дзясяткі твораў.

“Вы мне жыцьцём і забыцьцём былі” — адзін з такіх рамансаў, якія, ня выключана, будуць слухаць і празь дзьвесьце гадоў. І называць яго пры гэтым “народным беларускім рамансам”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG