Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальс “Успамін пра будучыню”. Музыка Мецакапо. Выкананьне — народны ансамбль народных інструмэнтаў выкладчыкаў Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі. “Ковчег”, 1999



Міхаіл Жванецкі, многія з выразаў якога напэўна ўжо трывала ўвайшлі ў гісторыю, аднойчы сказаў: “Нашто глядзець наперад, калі ўвесь вопыт — ззаду?” “Мэлёдыя дня” ня часта азіраецца назад, але мусіць адзначыць, што сёньня гучыць у эфіры ўжо 110-ы раз.

Нагадаю, што праграму мінулага тыдня склалі безумоўны гіт “Стэфаніда” са складзкіх памяшканьняў групы “Крама”, шчырае прызнаньне “Зусім няпроста” ўдзельнікаў групы “Імпэт” і адыходная песьня “I Don’t Know Why You Leave Me” групы “Thank You Jesus”. Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева разам, па-сяброўску сьпявалі пра Белую Русь, група “Нэйра-Дзюбэль” раіла сурьёзна разабрацца з амэрыканцамі, а Кася Камоцкая з групай “Новае неба” распавядалі пра “Шостае падарожжа”, падчас якога візы неабавязковыя.

Сёньня ж мы паслухаем музыку, якая раней у нашай праграме бадай і не гучала. Ёсьць у Менску музычная вучэльня імя Глінкі, а ў ёй ёсьць выкладчыкі. Паколькі амаль усе навучэнцы тае вучэльні па вечарах недзе граюць, выкладчыкі таксама падумалі, а мы што, маўляў, без барабанаў? І ўтварылі ансамбль народных інструмэнтаў, запрасілі салістаў ды запісалі вялікі рэпертуар разнастайнай музыкі пад кіраўніцтвам Яраслава Валасюка. У тым ліку — вальс “Успамін пра будучыню” кампазытара Мецакапо.

Назва твору цікавая. Можа, гаворка пра заробак ідзе, які бюджэтнікам, у тым ліку пэдагогам, плацілі некалі спраўна і даволі вялікі? Гэта пытаньне да нашай сьветлай будучыні, якая ў нас, як вядома, адна. Спадзяюся, не назаўсёды.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG