Практыка сьведчыць, што зрабіцца вядомым ды папулярным значна лягчэй, чым потым тую папулярнасьць ня страціць. Нездарма ж у сусьветнай музыцы існуе такі выраз, як “сьпявак адной песьні”. Часта вядомасьць адной толькі песьняй і вычэрпваецца.
Калі згадаць штогадовую цырымонію “Рок-каранаваньня”, дык пры ўважлівым аналізе яе вынікаў можна заўважыць, што зь ліку калектываў, якія атрымлівалі вызначэньні ў намінацыі “Адкрыцьцё году”, літаральна адзінкі не згубіліся пазьней у віхуры айчыннага, прабачце, шоў-бізнэсу.
Па выніках мінулага году такім калектывам зрабілася маладая менская група з удалай назваю “Імпэт”. Шчыра кажучы, неяк не давялося пачуць групу на канцэрце, які і здольны прадэманстраваць сапраўдныя вартасьці выканаўцаў. Ды й запісаў “Імпэту” практычна ня чуў, апрача адной толькі песьні, зьмешчанай ў альбоме “Альтэрнатыва_by”.
Песьня з такой, здагадваюся, аўтабіяграфічнай назваю — “Зусім няпроста”. Што ж, калі музыканты мелі на ўвазе ўласную будучыню, дык да яе яны рыхтуюцца загадзя і грунтоўна. Ды й песьня атрымалася. Вось толькі выдаўцы альбому аўтараў не шануюць і проста не згадалі іх імёны на вокладцы. Таму толькі і застаецца сказаць: песьня “Зусім няпроста”, група “Імпэт”. І няхай у будучыні музыканты не прападуць з нашых вачэй. І вушэй таксама.
Зьміцер Падбярэскі