Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Хазяйка” ў выкананьні Міхася Пацука і ансамбля “Вясельле”. Альбом “Міхась Пацук і “Вясельле”, “Ковчег”



Многія любяць паўтараць: якая гаспадыня — такая і хата. І няпроста зразумець, што і калі зручней: гаспадыня лепшая за хату ці наадварот? Тут ужо і “Мэлёдыя дня” ня дасьць рады. Таму зьвернемся да музыкі.

Тут вось што цікава: гаспадыня хаты, жытла наагул — ці не найбольш папулярны герой шматлікіх досьціпаў ды анэкдотаў. Тым ня менш, колькі б не насьмяхаліся прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва над гаспадынямі, яны заўсёды ў выніку ад іх залежаць. Калі не ад сваіх, дык ад чужых.

Вось ёсьць, здаецца, і цяпер такі ансамбль “Сьвята”, некаторыя ўдзельнікі якога ў 1994 годзе ўтварылі новы ансамбль фальклёрнай музыкі — “Вясельле”. Гэта дастаткова звычайны для нашай філярманічнай фальклёрнай практыкі ансамбль, які выконвае песьні з розных рэгіёнаў краіны, сумныя ды вясёлыя, выконвае на канцэртах у Беларусі і далёка па-за яе межамі.

Песьня “Хазяйка” якраз і належыць да такіх аптымістычных твораў, хоць гераіня песьні, як вынікае са зьместу, жанчына азартная, якая з-за ўласных захапленьняў пакідае па-за ўвагай уласна гаспадарку.

Песьня, дарэчы, зь ліку тых, якія абвяргаюць меркаваньні тых пэсымістаў, што наракаюць на глябальны сум, які нібыта нясуць мэлёдыі беларускага фальклёру. Запіс з альбома “Міхась Пацук і ансамбль “Вясельле”, хоць гэтым разам спадар Пацук знаходзіцца на заднім пляне. Адносна “хазяйкі” песьні, так бы мовіць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG