Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Ostinato” Чарлза Мінгуса. Квартэт Ігара Сафонава. Альбом “Misty”, “Ковчег”, 1996



Ёсьць такія музыканты, пачуўшы якіх аднойчы, ня можаш забыць ужо ніколі. Ці то іх майстэрства робіць такі эфэкт, ці то проста чыста чалавечыя якасьці. Разабрацца ва ўсім гэтым адразу няпроста. Нават дасьведчанай шмат у чым праграме “Мэлёдыя дня”.

У свой час, калі радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная” прапанавала мне рыхтаваць штотыднёвую джазавую праграму “Музыка тоўстых”, у мяне ня ўзьнікла аніякіх праблем з выбарам пазыўных. Толькі Стэф, толькі музыка ў выкананьні ягонай групы! Потым, за Кебіча, “Беларускую маладзёжную” закрылі, і “Музыка тоўстых” аднавілася ўжо на хвалях Радыё 101,2. Потым, ужо за Лукашэнку, зачынілі і гэтае радыё, аднак пазыўныя праграмы, спадзяюся, назаўсёды засталіся ў памяці яе слухачоў. Ня толькі таму, што тэма сапраўды яскравая, запамінальная, але яшчэ і таму, што гучала яна ў выкананьні славутага для Беларусі музыканта Ігара Сафонава, які ўвайшоў у гісторыю беларускай джазавай музыкі як Стэф.

Ён занадта рана пайшоў з жыцьця, аднак цяпер, штораз слухаючы ягоны незвычайны па выразнасьці саксафон, згадваю сустрэчы зь ім, ягоныя канцэрты, паездкі на фэстывалі і жартоўныя словы Стэфа: “Хто ваяваў — зразумее”.

А слухаць сёньня мы будзем тыя самыя пазыўныя джазавай праграмы “Музыка тоўстых” — п’есу “Ostinato” Чарлза Мінгуса. Квартэт Ігара “Стэфа” Сафонава з Ігарам Паліводам, Барысам Бернштэйнам і Валерыем Камко, запіс з фэстывалю “Віцебская восень” 1989 году.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG