З фартунай, кажуць, лепш не жартаваць. Фартуна — рэч зьменлівая, і тым ня менш, шанцуе збольшага пачаткоўцам. Далей, калі распачынаецца штодзённая праца, фартуна хіба ўжо не адыгрывае такой істотнай ролі. У тым ліку і ў жыцьці музыкантаў. “Мэлёдыя дня” вітае вас!
Леанід Гурвіч — сапраўдны музыкант. У тым сэнсе, што ён амаль няўлоўны. Сядзець на месцы ня любіць, сам шукае працу, а не чакае, пакуль яна яго знойдзе. Летась Леанід у Менску некалькі раз выступаў з уласным джаз-ансамблем, у музыцы якога спалучаліся творы як джазавае спадчыны, так і клясычнай. Гэта выглядала і прафэсійна, і цікава.
Ансамбль выдаў канцэртны дэма-альбом, на якім запісаныя творы Курта Вайля, Уільяма Гэнды, Леаніда Гурвіча, зразумела, і знакаміты твор “О, Фартуна!” Карла Орфа, фрагмэнт “Карміны Бурана”. Напэўна, прысутнасьць у складзе гэтай групы клясычнага скрыпача Карэна Карапецяна невыпадковая.
Такім чынам, спалучэньне музычнае клясыкі і джазу. У Беларусі гэтым раней ніхто не займаўся. Ці ўсьміхнецца фартуна Леаніду Гурвічу — сказаць няпроста. Прынамсі, яго я даўно не сустракаў, ды й пра нейкія канцэрты ягонага калектыву нічога ня чуў. Хоць, падазраю, зараз Леанід іграе дзесь у Эўропе. Але хочацца спадзявацца, што мы пачуемся зь Леанідам, а вы — з новай “Мэлёдыяй дня”. Але — заўтра.
Зьміцер Падбярэскі