Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Борам”, выкананьне — група “Палац”, аранжыроўка Ю.Выдронак і “Палац”. Альбом “Дарожка”, “БелСаціс”, 1997



Раней, за савецкім часам, пра такі дзень, як сёньняшні, звычайна пісалі "Чырвоны дзень календара", хоць улады да уласна Вялікадня ставіліся адмоўна. Лічылася: лепш няхай моладзь слухае рок, чым ідзе да касьцёлу. "Мэлёдыя дня" віншуе сваіх слухачоў са сьвятам!

Мінулы мэлядыйны тыдзень выдаўся разнастайны. Кася Камоцкая і “Новае неба” нагадалі нам, што апрача свабоды ў кожнага з нас выбару няма, Сяргей Трухановіч праімчаў у начным экспрэсе да ўласнай кропкі невяртаньня, а ўсьлед экспрэсу Аляксей Шадзько гукаў “Вяртайся”. Аляксандар Уласенкаў прайграў калыханку амэрыканскага мора, група “Пастскрыптум” выклікала дух “Караля залатой травы” зь відам на ўраджай, а група “Пяты кут” джазавала на глебе "Лявоніхі".

Сёньня мы маем цалкам абгрунтаваную падставу, каб паказаць сапраўды радасную музыку. Гэта народная велікодная песьня “Борам” з аранжыроўкай Юрыя Выдронка і групы “Палац” з альбому 1997 году “Дарожка”. Для тых часоў — традыцыйная і звыклая для “Палаца” песьня, хоць сёньня кожны, хто мае хоць нейкі слых, здольны адзначыць, што манэра калектыву даволі істотна памянялася. Гэта, апрача ўсяго іншага, гаворыць пра тое, што спачываць на дасягнутым “Палац” не зьбіраецца. Чаго “Мэлёдыя дня” жадае і ўсім сваім слухачам. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG