Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Dream of My Life”, аўтарства і выкананьне Генадзя Старыкава. Дэма-сынгл, 2001 г.



Чаго толькі ня зробіш, калі пачнеш фантазіраваць! Мроі, праўду кажучы, рэч усё ж даволі рызыкоўная: рэчаіснасьць надта ж любіць прызямліць цябе, часам не шкадуючы. Аднак жыць бяз мараў пра лепшае “Мэлёдыя дня” ня раіць анікому! Мае шанаваньні!

Адзін з вэтэранаў беларускай папулярнай музыкі, прэзыдэнт менскага блюз-рокавага “Стар-клюбу” Генадзь Старыкаў у апошнія гады, як ён сам прызнаецца, перажывае дзівосны творчы ўздым. Ня ведаю, ці мары таму дапамагаюць, ці ўсьведамленьне незрэалізаванага таленту, але піша музыкі ён сапраўды шмат.

Музыка ў яго атрымліваецца запамінальная і разнастайная. Тут ня толькі блюзавая, як і належыць прэзыдэнту адпаведнага клюбу, музыка, але і проста прыгожыя інструмэнтальныя творы, часам з пэўным гішпана-лацінаамэрыканскім водарам. А марыць Генадзь Старыкаў, відаць, пра тое, што нарэшце здолее запісаць найлепшыя зь іх і выдаць доўгачаканы сольны аўтарскі альбом.

А пакуль мары ўвасобяцца, мы паслухаем кампазыцыю з выдадзенага летась сынгла, п’есу “Dream of My Life”. Музыка бяз словаў. Магчыма, калі б словы былі напісаныя, пра мару жыцьця Генадзя Старыкава мы б даведаліся куды больш.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG