Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Што й па мору” ў выкананьні групы “Стары Ольса”. Альбом “Келіх кола”, “Ковчег”, 2001



На пачатку нагадаю такі барадаты анэкдот. Неяк чэхі вырашылі утварыць Міністэрства марскога флёту. Беларусы, зразумела, зацікавіліся: “Нашто? У вас жа няма выхаду да мора”. На што вострыя на язык чэхі адказалі: “Аднак жа вы маеце міністэрства культуры”. “Мэлёдыя дня”, прывітаньне!

Між іншым, нешта падобнае да Міністэрства марскога флёту ў Беларусі, як ні дзіўна, ёсьць. Ёсьць і Міністэрства культуры, якое мы любім, адно што, часам, дзіўным такім каханьнем. А вось тое, што марская тэматыка актыўна прысутнічае ў беларускім фальклёры, відаць, цалкам невыпадкова.

Гэта, па-першае, нагадвае часы Полацкага княства, калі да прыходу крыжакоў у вусьці Заходняе Дзьвіны нашыя продкі мелі прамы выхад да мора. Па-другое, калі лічыць фальклёр люстэркам, мы можам разьлічваць, што ў будучыні Беларусь выйдзе ў адкрытую акваторыю. Прынамсі, наш флягман стаіць ужо на Нарачы, так бы мовіць, на запасным рэйдзе, хоць сякая-такая “Аўрора” й сёньня ў водах Сьвіслачы не зашкодзіла б.

Адно з адкрыцьцяў у беларускай музыцы мінулага году — група “Стары Ольса”, якая пасьпяхова корпаецца ў музыцы мінулага, наноў адкрываючы многія забытыя песьні ды мэлёдыі, у тым ліку й марской тэматыкі. Народны твор баляднага характару “Што й па мору” зьмешчаны на альбоме “Келіх кола”, выдадзеным у 2001 годзе. Прыгожая мэлёдыя, годнае ўвасабленьне. Да таго ж, песьня, якая напэўна будзе сьпявацца ня толькі ўдзельнікамі гэтага калектыву. Такім чынам, за тых, хто ў моры. Спадзяюся, што па чацьвёртым-пятым такім тосьце мы здолеем пачуць адно аднаго і заўтра.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG