Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Падае дождж” Ігара Варашкевіча на словы Натальлі Гулак. Альбом “Хавайся ў бульбу”, “Бульба Рэкардз”, 2001 г.



Пра што сёньня найчасьцей гавораць? Пра цэны, допінгавыя скандалы на нядаўняй Алімпіядзе і, зразумела, надвор’е. Апошняе, бадай, вечная і заўсёды актуальная тэма тэлефонных ды асабістых гавэндаў. “Мэлёдыя дня”, нагадаю, штодня ў эфіры, нягледзячы ні на цэны, ні на надвор’е. Што да допінгу, дык гэтая праграма, спадзяюся, здольная падбадзёрыць многіх з вас. І дыскваліфікацыя тут вам не пагражае. Вітаю слухачоў Радыё Свабода!

Такім чынам, як ні банальна, пра надвор’е. Але — вачыма музыкантаў групы “Крама”, чый альбом “Хавайся ў бульбу” на нядаўняй “Рок-каранацыі” быў названы найлепшым па выніках мінулага году.

“Краму” мы ведаем збольшага як калектыў, які на беларускай музычнай сцэне пасьлядоўна працуе ў стылістыцы рытм-энд-блюзу. Ёсьць такія кампазыцыі і на згаданым альбоме, аднак гэтым разам мне хацелася б паказаць вам такую шчырую, здаровую песьню, якая ўласна з блюзам ня мае шмат агульнага.

Выдатная баляда “Падае дождж” Ігара Варашкевіча на словы Натальлі Гулак, якая сьмела магла б прэтэндаваць на той жа “Рок-каранацыі” на званьне найлепшай песьні году. Годны тэкст, умелае музычнае ўвасабленьне, праўда, якая гучыць літаральна ў кожнай нотцы. Якраз той самы выпадак, калі вельмі хочацца, каб “Мэлёдыя дня” гучала, прынамсі, хоць бы на пару хвілін больш.

Што да капрызаў надвор’я, дык яны, упэўнены, не перашкодзяць нам пачуцца і заўтра.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG