Час ад часу можна пачуць, што, маўляў, сучасная папулярная музыка не патрабуе глыбокіх, мастакоўскіх тэкстаў. Напружаны рытм жыцьця, праблемы, стрэсы і ўсё такое іншае нібыта не пакідаюць ні хвіліны для роздуму. Мне асабіста з тым цяжка пагадзіцца. Для роздуму — у тым ліку — маецца “Мэлёдыя дня”, якая штодня ў эфіры не адну хвіліну, а цэлыя чатыры. Прывітаньне!
У гісторыі папулярнай музыкі наагул і беларускай у прыватнасьці было некалькі выпадкаў, калі той ці іншы калектыў меў пастаяннага аўтара тэкстаў. Калі такі чалавек ня проста сябруе з музыкантамі, але й яшчэ тонка адчувае мастацкі настрой выканаўцаў, сумесную іх працу звычайна чакае значны плён.
Згадайма дуэт Зьмітра Лукашука і Ігара Варашкевіча ў “Краме”. Праўда, тыя ж Лявон Вольскі ці Аляксей Шадзько ўласнымі тэкстамі, апрача як з самім сабой, ня дзеляцца. Але ж быў яшчэ адзін творчы дуэт: музыкантаў групы “Уліс”, наймя Вячаслава Кораня і паэта Фэлікса Аксёнцава, які прынёс колькі сапраўдных, прыгожых песень, якім, упэўнены, наканавана доўгае жыцьцё.
“Краіна доўгай белай хмары” — так называецца другі альбом групы і адна з лепшых песень “Уліса”, датаваныя 1996 годам. Пачынаецца ж песьня з цудоўных сьпеваў Тацяны Мархель. Менш слоў: такое варта паслухаць. Сустрэнемся заўтра!
Зьміцер Падбярэскі