Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Mother’s Waltz” Аляксандра Растопчына ў ягоным жа выкананьні. Дэмазапіс, 1996



Заўтра, 8 сакавіка, у пятніцу, ня варта спадзявацца, што ў нейкай канторы ці ў якой установе будзе сапраўдны працоўны дзень. Хоць і не чырвоны дзень календара, але сьвята прагудзе наскрозь і паўсюль. Працаваць будуць, бадай, толькі мэтро ды, вядома ж, “Мэлёдыя дня” — кожны дзень з вамі. Прывітаньне!

Гэта раней, у савецка-партыйныя часы, да кожнага літаральна сьвята рыхтаваліся задоўга і з поўнай адказнасьцю. Канешне ж, па камандзе зьверху. Рыхтавалі наглядную агітацыю і справаздачы, пісалі даклады, куплялі падарункі. І абавязкова на заканчэньне — мастацкая частка, канешне ж! Як жа бязь песьні?

Вось і гэтае сьвята, выкліканае да жыцьця нямецкімі кабетамі-рэвалюцыянэркамі, укаранілася настолькі трывала, што зьяўляецца, бадай, адзінай нагодаю ў год, калі многія мужчыны ўспамінаюць пра існаваньне жанчын.

Між тым існуе і не такое гучнае, але затое куды больш цёплае і шчырае сьвята, як Міжнародны дзень маці. Аляксандар Растопчын, музыку якога я ўжо паказваў, напісаў у Амэрыцы цікавую, на маю думку, і нестандартную п’есу, якую назваў “Матчын вальс”. Запіс 1996 году, Нью-Ёрк. Яскравы прыклад таго, як віртуозны музыкант застаўся незапатрабаваным на радзіме. Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG