Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Мае вочы чорныя”, ансамбль “Сьвята”. Альбом “Сьвята”, “Ковчег”, 1998 г.



Часам насамрэч здаецца: аддаў бы, мусіць, усё, каб толькі панядзелак, першы дзень тыдня, ператварыўся раптам у якую пятніцу. Але ж не! Скакаць у часе, нягледзячы на яўны сусьветны прагрэс, яшчэ ніхто не навучыўся. А вось “Мэлёдыя дня” гучыць у дакладна вызначаны час штодня. Прывітаньне!

Народная музыка — сапраўды ўдзячны матэрыял для музыкантаў, што працуюць літаральна ў кожным са стыляў ці напрамкаў сучаснай папулярнай музыкі. Калі прыслухацца да музыкі папулярнай уважліва, можна заўважыць, што менавіта яна куды часьцей пазычае ў народнай ці то мэлёдыі, ці то папеўкі, ці то інтанацыі. І, заўважу, як правіла, — пасьпяхова і бескарысьліва.

А вось творы папулярнай музыкі ідуць у народ, каб там застацца надоўга, вельмі рэдка. Штучнае народ не праглынае, тут ніякі “Мэзім фортэ” не дапаможа. Так што калі згадваць менавіта гэты музычны тэрмін, фортэ, мушу папярэдзіць: мэлядыйны тыдзень мы пачынаем на ўзьнёслай ноце, гучна.

Песьня “Мае вочы чорныя” вядомая шырока, сьпяваецца часта пры кожнай прыемнай нагодзе. Так што давайце лічыць панядзелак менавіта такой, прыемнай нагодаю. Ансамбль народнай музыкі “Сьвята” парупіцца пра тое, каб сапраўднае сьвята не пакідала вас. Запіс 1998 году. А мы пачуемся заўтра.

Зьміцер Падбярэскі


XS
SM
MD
LG