Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Баляда” Дзьмітрыя Даўгалёва на верш Уладзімера Пецюкевіча. Альбом “Рано или поздно”, “DorisRecord”, 2000 г.



Наколькі гістарычныя сюжэты могуць быць актуальнымі для сучаснай папулярнай музыкі? Пытаньне, зразумела, праблематычнае, таму што збольшага зьмест сучасных шлягераў — такі, ведаеце, безьзьмястоўны. Чым менш сэнсу і словаў — тым лепш. Але толькі не для “Мэлёдыі дня”. Вітаю вас!

Нагадаю, што мы слухалі на гэтым тыдні. Група “Пяты кут” агітавала станчыць “Самбу Ізраэль” праз тур па гістарычных мясьцінах Бліжняга Ўсходу, фальклёрны гурт “Крэсіва” сказаў сваё важкае слова па праблеме бацькоў і дзяцей у песьні “Бацька добры”, гамяльчанін Аляксандар Софікс падзяліўся з намі ўласным бачаньнем “Раніцы” ў стылі new age.

Ягоны покліч падтрымала Вераніка Круглова і музыкі “Эксьпірыенс ін Берлін” зь песьняй “Ой, рана-рана”, адрасаванай прадстаўнікам творчых, пэўна, прафэсіяў, гітарны дуэт “Алегрыяс” прывітаўся з кожным слухачом Радыё Свабода п’есай “Тэйк файв”, а група “Моджо блюз” дала парады, як кантактаваць з начальствам.

Скончым жа мы мэлядыйны тыдзень драматычнай “Балядай” Дзьмітрыя Даўгалёва на верш Уладзімера Пецюкевіча. Выканае “Баляду” Ірына Дарафеева, сьпявачка, у якой найлепш атрымліваюцца песьні сюжэтныя, з выразнай вобразнасьцю і драматызмам. А ў панядзелак усё пачнецца зноў. “Мэлёдыя дня” не разьвітваецца з вамі!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG