Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Мяцеліца” Аляксандра Кацікава на словы Ларысы Геніюш. “Беларускія песьняры”. Альбом “Жывем!”, 1999



Вось каму не зайздрошчу, дык гэта — прадказальнікам надвор’я. Не, гэта я не з вышыняў уласнага жыцьця кажу, быццам бы ў наш час зіма была — як сапраўдная зіма, сьнегу хапала на ўсіх. Кажу гэта, зыходзячы з уласных назіраньняў. Ну хто б мог падумаць, што ў студзені сёлета тэмпэратура скочыць да плюс шасьці? І хто можа гарантаваць, што тэкст сёньняшняй “Мэлёдыі дня” будзе адпавядаць таму, што адбываецца ў атмасфэры? Прывітаньне!

Вось жа як здараецца: нешта натхніць чалавека, нешта напіша ён такое, не па заказу, а таму, што душа просіць. А пасьля пакутуе, хоча падзяліцца зробленым зь іншымі, а навокал, як на тое, скрозь усё супраць яго: то грошай няма, то часу, то проста жаданьня.

У 1997 годзе тады яшчэ ўдзельнік асамбля “Песьняры” гітарыст Аляксандар Кацікаў раптам адкрыў для сябе паэзію Ларысы Геніюш і напісаў на яе лірычныя вершы нізку песень. Паказаў Уладзімеру Мулявіну, які ў цэлым ухваліў праект, аднак як чарговую праграму ўсяго ансамбля не зацьвердзіў. У выніку атрымаўся такі сольны праект Кацікава, у запісе якога, аднак, паўдзельнічаў і сам Мулявін, і іншыя музыканты “Песьняроў”. Між тым у выглядзе кампакт-дыска праграма ўбачыла сьвет тады, калі большасьць музыкантаў выступала ўжо пад назваю “Беларускія песьняры”.

Нагадаю, што Ларыса Геніюш у нашых уладаў дагэтуль лічыцца ворагам народу, тады як Аляксандар Кацікаў і ягоныя калегі выступілі ў ролі сяброў ня толькі паэткі, але й народу — таксама.

“Мяцеліца” — песьня, вядомая па настрою і непрадказальная па надвор’ю — мэлёдыя гэтага дня. Да сустрэчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG