Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая надзея для мужчын – рак прастаты не абавязкова вядзе да імпатэнцыі


Сяргей Абламейка, Прага

Для многіх мужчын самая вялікая небясьпека апэрацыі з прычыны раку прастаты заключаецца ў наступнай імпатэнцыі. Да нядаўняга часу так і было. Выдаленьне часткі прастаты або цэлага органу рабіла эрэкцыю немагчымай.

Аднак мэдыцына не стаіць на месцы. Днямі на штогадовым сходзе Асацыяцыі амэрыканскіх уролягаў было абвешчана аб пасьпяховай распрацоўцы некалькіх мэтадаў лячэньня, якія дазваляюць захаваць патэнцыю пасьля апэрацыяў з нагоды раку прастаты. Публікацыя аб гэтым зьмешчана ў газэце “Wall Street Journal”.

Нават калі апэрацыю робіць выдатны хірург-віртуоз, усё роўна ад 20 да 50 працэнтаў мужчынаў (у залежнасьці ад першапачатковага стану здароўя) аказваюцца пазьней няздадтнымі да сэксуальнага жыцьця. Нехірургічныя мэтады лячэньня раку, такія як апраменьваньне і хіміятэрапія, таксама маюць падобныя вынікі.

І вось аказваецца, што новую надзею хворым мужчынам дае віягра. У мэдычнай школе Пітсбурскага ўнівэрсытэту мэдыкі правялі шэраг экспэрымэнтаў, каб вывучыць уплыў віягры на пацыентаў перад і пасьля хірургічнага ўмяшаньня з прычыны раку прастаты. Мэдыкі назіралі за паводзінамі 54-х мужчын, якім былі зробленыя ашчадныя апэрацыі з максымальных захаваньнем нэрваў. Гэтыя пацыенты на працягу 9 месяцаў рэгулярна прымалі віягру. Аказалася, што у 29 працэнтаў хворых патэнцыя цалкам аднавілася і захавалася нават пасьля таго, як яны перасталі браць віягру. Тыя ж пацыенты, што атрымлівалі таблеткі-муляжы – так званыя “placebo”, мелі аналягічныя вынікі толькі ў 5 працэнтах выпадкаў.

Яшчэ лепшыя вынікі былі ў пацыентаў, якія бралі віягру некалькі разоў на тыдзень і перад апэрацыяй, і пасьля яе. Эфэкт віягры, на думку мэдыкаў, цалкам зразумелы – віягра выклікае падвышаны прыток крыві да пэнісу, разам з крывёй да тканак паступае больш кіслароду, што і прыводзіць да рэгенэрацыі нэрваў.

Зрэшты, кошт лячэньня віяграй ня танны – адна таблетка каштуе каля 10 даляраў. Апрача таго сам па сабе гэты лек мае пабочныя эфэкты і шмат супрацьпаказаньняў. Таму амэрыканскія ўролягі распрацоўваюць і іншыя мэтады пераадоленьня пост-апэрацыйнай імпатэнцыі у хворых на рак прастаты.

Адзін зь іх заключаецца ў максымальным захаваньні двух нэрваў, якія адказныя за патэнцыю і знаходзяцца ў раёне прастаты. Менавіта гэтыя нэрвы найбольш траўмуюцца і зьнішчаюцца падчас хірургічнага ўмяшаньня або апраменьваньня. Прыём віягры, дарэчы, можа дапамагчы вырасьціць наноў страчаныя часткі такіх нэрваў. Аб пасьпяховых экспэрымэнтах зь віяграй на жывёлах было таксама абвешчана на штогадовым сходзе асацыяцыі амэрыканскіх уролягаў.

Дапамагае вырошчваць страчаныя часткі полавых нэрваў і яшчэ адзін экспэрымэнтальны лек – пакуль ён называецца JPI-1485 і выкарыстоўваецца пераважна для лячэньня хваробы Паркінсона. У розных хворых станоўчы эфэкт у форме аднаўленьня патэнцыі гэты лек выклікае за пэрыяд ад некалькіх дзён да году і болей.

Апрача таго, хірургі з Цэнтру рака ў Х’юстане паведамілі аб пасьпяховым экспэрымэнце зь перасадкай нэрваў нагі. 30-ці пацыентам, у якіх стан пухліны прастаты не дазваляў захаваць абодва адказныя за патэнцыю ключавыя нэрвы, былі перасаджаныя на тое месца нэрвы, узятыя зь іх ног. У выніку 47 працэнтаў здолелі аднавіць патэнцыю з дапамогай віягры ці безь яе. У аналягічных пацыентаў, якім нэрвы з нагі перасаджаныя не былі, патэнцыя аднавілася толькі ў 2 працэнтах выпадкаў.

На штогадовым сходзе Асацыяцыі амэрыканскіх уролягаў было таксама паведамлена, што налета мэдыкі зь Пітсбурскага ўнівэрсытэту зьбіраюцца распачаць экспэрымэнты зь перасадкай хворым на рак прастаты камлёвых клетак. Клеткі будуць брацца з уласных цягліцаў хворых і перасаджвацца ў вобласьць прастаты для абароны старых і вырошчваньня новых нэрваў, што адказваюць за патэнцыю. Днямі было абвешчаны аб пасьпяховым завяршэньні аналягічных экспэрымэнтаў на жывёлах.

Так што пасьляапэрацыйная сытуацыя для хворых на рак прастаты мужчын, якая зусім нядаўна лічылася безнадзейнай, сёньня такой ужо не выглядае.

***

А зараз чарговыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Старайцеся не ўжываць на сьняданак тлустыя прадукты. Нядаўнія дасьледаваньні паказваюць, што менавіта багатыя на тлушчы сьняданкі прыводзяць да дачаснага старэньня. Праз гадзіну пасьля сытнага сьняданку ў крыві людзей зьяўляюцца шкодныя бялкі. Гэтыя бялкі застаюцца актыўнымі на працягу трох-чатырох гадзін пасьля прыёму ежы, і менавіта яны прыводзяць да хваробаў сэрца. Вы зможаце рэзка панізіць свой рэальны біялягічны ўзрост, калі будзеце сьнедаць багатымі на расьлінную клятчатку прадуктамі кшталту хлеба з атруб’ем, а таксама сьвежай садавіной і абястлушчанымі малочнымі вырабамі. RealAge нагадвае, што абавязковы ранішні сьняданак можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 1 год маладзейшым.

2. Калі вы дбаеце пра сваё здароўе і робіце дзеля гэтага рэгулярныя прагулкі, не абмяжоўвайцеся толькі імі. Дасьледаваньні паказваюць, што адных прагулак можа быць недастаткова, бо людзі выходзяць на шпацыры не дастаткова часта. Найлепш, калі вы дадасьцё да шпацыроў яшчэ нейкі від фізычнай актыўнасьці кшталту плаваньня або гімнастыкі. Менавіта комплекс рознай і памяркоўнай фізычнай нагрузкі дапамагае дасягнуць максымальнага станоўчага эфэкту. RealAge сьведчыць, што рэгулярныя спартовыя заняткі могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG