Адносна нядаўна мэдыкі ўвялі ў практыку новы мэдычны тэрмін – мэтабалічны сындром. Пад ім разумеецца цэлая група праблемаў са здароўем, якія цягнуць за сабой рызыку хваробаў сэрца, інфарктаў ды інсультаў. І вось днямі ў Злучаных Штатах Амэрыкі апублікаваныя вынікі новага дасьледаваньня, якія дазваляюць больш дакладна ідэнтыфікаваць небясьпечны мэтабалічны сындром.
Раней асноўным паказьнікам для вызначэньня ў пацыента мэтабалічнага сындрому была вага цела. Цяпер жа высьветлілася, што аб рызыцы сардэчнай хваробы сьведчыць група фактараў. Дыягназ “мэтабалічны сындром” можа выстаўляцца, калі ў чалавека назіраюцца тры або болей з наступных праблемаў: тлушчавыя адкладаньні вакол таліі, высокі крывяны ціск, нізкі ўзровень добрага халестэрыну, праблемы з мэтабалізмам цукру ў крыві і вялікі ўзровень трыгліцэрыдаў у крыві.
Вынікі новага дасьледаваньня апублікаваныя ў часопісе Амэрыканскай сардэчнай асацыяцыі Circulation. На працягу чатырох гадоў навукоўцы назіралі 780 жанчынаў – з-за вагі ўсе яны раней былі залічаныя мэдыкамі ў групу рызыкі сардэчнай хваробы. Аказалася, што тыя зь іх, у каго быў дыягнаставаны мэтабалічны сындром, мелі ў два разы большую рызыку памерці ад інфаркту, чым тыя, хто, ня гледзячы на падвышаную вагу, ня меў мэтабалічнага сындрому. Калі ж у чалавека адначасова прысутнічае дыягназ мэтабалічны сындром (гэта значыць ён мае тры зь пяці асноўных фактараў рызыкі) і ўжо дыягнаставаная нейкая хвароба сэрца, дык верагоднасьць сьмерці ад інфаркту ўзрастае ў пяць разоў. Да такіх сэнсацыйных вынікаў прыйшлі аўтары дасьледаваньня – мэдыкі з унівэрсытэту ў горадзе Пітсбург (ЗША).
Адначасова з публікацыяў вынікаў пітсбурскага дасьледаваньня прафэсар Пол Фрэйм з Унівэрсытэту Рочэстара ў Нью-Ёрку паставіў пад сумнеў карысьць ад такіх вядомых абсьледаваньняў, як электракардыяграма, тэсты на стрэс або кантроль за ростам узроўню кальцыя ў крыві. Прафэсар наўпроста заявіў, што клопат, зьвязаны з правядзеньнем гэтых абсьледаваньняў, большы, чым выгада ад іх. Пол Фрэйм таксама сказаў, што названыя дасьледаваньні вельмі далёкія ад дакладнасьці, прапускаюць шмат якія абвастрэньні хваробаў, а бывае, што і выклікаюць несапраўдныя трывогі. Паводле мэдыкаў з унівэрсытэту Рочэстара названыя абсьледаваньні рэдка даюць інфармацыю больш дакладную, чым агляд фактараў рызыкі – такіх як курэньне, крывяны ціск, узровень халестэрыну і ўзрост чалавека.
Як прыклад прафэсар сямейнай мэдыцыны Пол Фрэйм прывёў вышэйзгаданае дасьледаваньне ўзроўню стрэсу, якое мела на мэце выявіць ступень звужанасьці судзінаў. Раней лічылася, што менавіта звужэньне судзінаў можа прывесьці да інфаркту ці інсульту. Але цяпер амэрыканскія навукоўцы высьветлілі, што на прыступ хваробы звужанасьць судзінаў мае невялікі ўплыў. Галоўная прычына сардэчнага ўдару ці інсульту – адарваны тромб. А вось на тое, калі ён адарвецца, ці адарвецца і ці ўтворыцца наогул – уплываюць зусім іншыя фактары.
***
На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.
1. Нядаўна мэдыкі знайшлі, што карыца вельмі пазытыўна ўплывае на здароўе чалавека. Аказалася, што яна можа нармалізоўваць узроўні цукру і халестэрыну ў крыві. Гэта асабліва важна для хворых на цукроўку. Падчас нядаўняга дасьледаваньня, у якім бралі ўдзел хворыя на дыябэт другога тыпу – гэта значыць набыты, высьветлілася, што ў тых зь іх, хто спажываў адзін грам карыцы ў дзень, праз 40 дзён рэзка зьменшыліся ўзроўні і цукру, і халестэрыну ў крыві. RealAge нагадвае, што нізкакалярыйная і багатая на мінэралы дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
2. Калі вы знойдзеце спосаб як трымаць свой настрой пад кантролем, як перамагаць раздражненьне і не дапускаць да стрэсу, гэта можа сур’ёзна зьменшыць рызыку захварэць на хваробу Альцгаймэра. Падчас аднаго дасьледаваньня з удзелам людзей сталага веку высьветлілася, што ў тых зь іх, хто ў маладосьці быў больш нэрвовы і часьцей стрэсаваны, значна большая рызыка захварэць пад старасьць на хваробу Альцгаймэра. Так што RealAge нагадвае, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 гадоў маладзейшым.
3. Рэгулярны прыём вітаміну D можа абараніць вас ад нэрвовых хваробаў. Нядаўна было праведзена вялікае дасьледаваньне, якое мела на мэце высьветліць сувязь паміж паступленьнем у арганізм гэтага вітаміну і расьсеяным склерозам. Высьветлілася, што ў тых жанчын, якія прымалі вітамін D рэгулярна, рызыка разьвіцьця расьсеянага склерозу была на 40 працэнтаў меншая, чым у тых, хто гэты вітамін не ўжываў. Нагадаем, што на вітамін D асабліва багаты рыбін тлушч, тлустыя гатункі рыбы і яйкі. RealAge нагадвае, што атрыманьне 400 умоўных адзінак вітаміну D і 1200 міліграмаў кальцыю ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзейшым.
4. Калі вы скароціце колькасьць спажываньня салодкіх газаваных напояў, вы можаце зьменшыць сваю вагу. Лекары кажуць, што ў апошнія гады менавіта салодкія газаваныя напоі “вінаватыя” у павелічэньні колкьасьці спажываных намі калёрыяў і падвышэньні сярэдняй вагі цела. Замяніце сваю ўлюбёную колу ці іншы газаваны напой бутэлькай звычайнай чыстай вады кожны дзень, і вы не заўважыце, як паступова схуднееце. RealAge сьцьвярджае, што падтрыманьне нармальнай вагі цела можна зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.