Многія навукоўцы ў апошні час выступілі з папярэджаньнем, што эпідэміі птушынага грыпу, якія сёлета ахапілі розныя краіны, могуць перакінуцца на людзей і прывесьці да шматлікіх ахвяраў. Аб гэтым інфармуе чытачоў у сваім апошнім нумары часопіс Newsweek.
Птушыныя эпідэміі ў апошнія гады робяцца больш частымі і ўсё больш небясьпечнымі. У 1997 годзе сярод куранятаў пачалася эпідэмія птушынага грыпу, якая перакінулася і на людзей. Тады памёрла ўсяго шэсьць чалавек, але сам вірус быў здольны забіць трэцюю частку ўсіх, хто на яго захварэе. Уладам розных краінаў давялося тады забіць больш за мільён куранятаў. У пачатку 2000-га году ўлады краінаў Паўночнай Эўропы вымушаныя былі забіць 30 мільёнаў куранятаў, якія захварэлі на птушыны грып. У пачатку сьнежня ў ваколіцах Сэўлу ў Паўднёвай Карэі вірус забіў 20 тысяч куранятаў, а ўлады былі вымушаныя арганізаваць 10-кілямэтровы карантын вакол небясьпечнай фэрмы. У сярдзіне сьнежня было прынятае рашэньне забіць яшчэ 100 тысяч качак і куранятаў.
Усе вірусы, што выклікалі гэтыя эпідэміі, здольныя пераходзіць на людзей, і таму навукоўцы розных краінаў выказваюць вялікую занепакоенасьць усё больш агрэсіўнымі спробамі птушынага грыпу перакінуцца на чалавека. Вялікі грып стукаецца ў дзьверы, – кажа доктар Робэрт Вэбстэр, амэрыканскі вірусоляг з Мэмфісу і дадае, што вірус на нашых вачах прымярае розныя камбінацыі, каб вынайсьці сапраўды сьмяротную для людзей.
Небясьпеку птушынага грыпу пацьвярджае і прыклад вірусаў, якія пераходзяць на людзей ад млекакромячых жывёлаў. Гэта, найперш, SARS або нетыповая пнэўманія. І хоць SARS – інфэкцыя павольная і распаўcюджвалася марудна, даўшы мэдыкам магчымасьць арганізаваць досыць эфэктыўныя захады бясьпекі, сама частата эпідэміяў хваробаў, што перадаюцца ад жывёлаў да людзей, паказвае, што нешта адбылося, што парушаны тонкі балянс, які аддзяляў людзей аб хваробаў жывёльнага сьвету.
Навукоўцы пакуль ня ведаюць, што менавіта стала прычынай парушэньня гэтага балянсу – можа быць глябальнае пацяпленьне або небывалы рост падарожжаў самалётамі, а можа і рост сусьветнага гандлю прадуктамі харчаваньня. Але безадносна да прычынаў ВЯЛІКАЯ НЕБЯСЬПЕКА, на думку мэдыкаў, палягае ў тым, што ўжо ў бліжэйшыя гады можа ўзьнікнуць вірус, якія будзе забіваць як SARS, а распаўсюджвацца – як звычайны грып. У гэтым выпадку колькасьць чалавечых ахвяраў будзе вымярацца мільёнамі.
Натуральна, што сусьветная супольнасьць клініцыстаў і вірусолягаў ня траціць час дарэмна. Распрацоўваюцца новыя мадэлі супрацоўніцтва і імгенных захадаў у выпадку зьяўленьня новай эпідэміі. Арганізацыйныя меры могуць быць вельмі пасьпяховыя, што і паказала барацьба зь нетыповай пнэўманіяй. Апрача таго, падрыхтоўка вядзецца і ў лябараторыях – мэдыкі спрабуюць выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі.
Нядаўна біёляг Джо ДэРызі з унівэрсытэту ў Сан-Францыска распрацаваў новы тэст на вірусную інфэкцыю, выкарыстоўваючы найноўшыя дасягненьні вірусалёгіі і генэтыкі. На шкельца памерам 2 на 6 сантымэтраў нанесеныя 11 тысяч ланцужкоў ДНК розных вірусаў. Нягледзячы на тое, што вірусы ўвесь час мутуюць, зьмены ў іх ДНК невялікія, і тэст-сыстэма не патрабуе пастаяннага абнаўленьня. Таму дастаткова правесьці шкельцам па вуснах хворага чалавека, і адмысловыя флюарэсцэнтныя малекулы высьвецяць супалыя ланцугі ДНК. Тэст-сыстэма, такім чынам, робіць магчымай імгненную дыягностыку хваробы.
Для прадказаньня месца ўзьнікненьня новай эпідэміі нават спрабуюць выкарыстоўваць матэматычныя мадэлі. У прыватнасьці два навукоўцы, Лорэн Майерс са Злучаных Штатаў і Бэбік Парбалоў з Канады спрабуюць зараз выкарыстаць так званую тэорыю прасочваньня – галіну прыкладной матэматыкі, якія апісвае як вадкасьць пранікае праз ваданосны слой. Абодва дактары падрабязна вывучалі структуру распаўсюджваньня SARS у Таронта і Ванкувэры і сьцьвярджаюць, што гэтая тэорыя прыдатная і для прадказаньня магчымых месцаў узьнікненьня вірусных эпідэміяў. Паводле іх, яна дакладна апісвае, як вірус пранікае праз насельніцтва.
Яшчэ адна галіна, у якой вядзецца пошук – выпрацоўка новых вакцынаў. Аднак традыцыйны шлях выпрацоўкі вакцыны – стварэньне бясшкоднага вірусу, які выклікае стойкі імунітэт і не выклікае хваробы, ужо непрыдадтны. Магчымасьці гэтага мэтаду вычарпаныя. Новыя магчымасьці можа даць спроба выкарыстаць для стварэньня вакцыны не бялок віруса, а яго ДНК. Гэты мэтад быў выкарыстаны для стварэнья вакцыны супраць ліхаманкі Ebola і зараз праходзіць клінічныя выпрабаваньні. Іншы пэрспэктыўны шлях – стварэньне вакцыны, якая прымусіць вірус хутка мутаваць у арганізьме хворага у бок больш небясьпечных формаў. Такі спосаб быў выпадкова знойдзены яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя для стварэньня вакцыны супраць дыфтэрыі.
Галоўная праблема, якую павінны вырашыць урады краінаў сьвету, дастатковае фінансаваньне супрацьвірусных дасьледаваньняў і праграмаў, – піша часопіс Newsweek.
***
У эфіры Радыё Свабода. У студыі Сяргей Абламейка. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. Надыйшла чарга парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.
1. Калі вы адчуваеце празьмернае нэрвовае напружаньне, паспрабуйце слухаць спакойную музыку. Падчас аднаго нядаўняга дасьледаваньня студэнты пасьля выкананьня цяжкага заданьня слухалі спакойную музыку і зазналі рэзкае аслабленьне ўзроўню нэрвовага напружаньня. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце дбаць аб сваім эмацыйным стане, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 гадоў маладзейшым.
2. Цяпер мы перажываем сьвяточныя дні, сустракаем гасьцей і самі ходзім у госьці. Пачастуйце сваіх гасьцей чаем. Розныя гатункі чаёў – і чорныя, і зялёныя, і зёлкавыя – усе багатыя на флаваноіды. Паводле апошніх дасьледаваньняў частае піцьцё чаю можа мець дабратворны ўплыў на тонкую абалонку сэрца – так званы эндатэлій, і можа засьцерагчы ад сардэчных хваробаў. RealAge сьведчыць, што разнастайная дыета, бедная на калёрыі і багатая на карысныя рэчывы, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
3. У сьвяточныя дні мы звычайна пераядаем. У гэтай сувязі RealAge заклікае вас забясьечыць сабе дастатковую колькасьць сну ў гэтую сьвяточную пару. Дасьледаваньні паказваюць, што здаровы і дастаткова парцяглы сон можа дапамагчы арганізму нэўтралізоўваць шкоду ад пераяданьня і празьмернага спажываньня алькаголю. RealAge нагадвае, што падтрыманьне нармальнай вагі цела можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.