Несумнеўна, у дадзеным выпадку можна гаварыць аб значным прарыве ў галіне генэтыкі. Група брытанскіх і францускіх навукоўцаў выявіла ген пад кодавай назвай GAD 2, які адказны за схільнасьць чалавека да атлусьценьня, уплывае на апэтыт і выпрацоўку арганізмам інсуліну.
Вынікі свайго дасьледваньня яны апублікавалі ў навуковым часопісе Science Biology. Дагэтуль сярод вучоных дамінавала перакананьне, што за празьмерную вагу адказны перадусім сядзячы лад жыцьця і нездаровае харчаваньне.
Ад атлусьценьня у сьвеце пакутуюць 300 мільёнаў чалавек. Сумны рэкорд у гэтай галіне належыць Злучаным Штатам. Паводле найноўшых дасьледваньняў, больш як палова амэрыканцаў (у 63% мужчынаў і ў 55% жанчынаў ва ўзросьце 25 гадоў і старэйшых) маюць празьмерную вага з усімі яе нэгатыўнымі наступствамі.
Атлусьценьне становіцца сур’ёзнай праблемай і для іншых краінаў. Для прыкладу, больш як 5 мільёнаў французаў пакутуюць на атлусьценьне. Варта патлумачыць, што пра атлусьценьне гаворыцца тады, калі вага цела пры росьце 165 сантымэтраў, перавышае 100 кіляграмаў. Краіна павінна праводзіць жорсткую палітыку прафіляктыкі дзіцячага атлусьценьня, лічаць навукоўцы з Мэдычнай акадэміі і Акадэміі фармакалёгіі.
Пасьля 10 гадоў інтэнсыўнай дасьледчай працы навукоўцам з Каралеўскага коледжу, шпіталю Гамэршміт ў Лёндане, Вашынгтонскага і Парыскага ўнівэрсытэтаў, а таксама Інстытуту Пастэра ў Лілі на чале з прафэсарам Філіпам Фрогелем, удалося ідэнтыфікаваць дзьве розныя мутацыі гена, адказнага за атлусьценьне.
Гэтай групе вучоных удалося ўпершыню выявіць на 10 храмасоме гэты ген ОБ-1 яшчэ ў 1998 годзе. Пяць гадоў таму Філіп Фрогель быў амаль упэўнены, што праз год-два ўдасца дакладна ідэнтыфікаваць гэты ген. “Аднак мы недаацанілі ўсе цяжкасьці мерапрыемства. Відавочна, што генэтыка чалавека нашмат болей складаная, чым раней меркавалася,” – прызналі брытанскія і францускія навукоўцы.
Вучоныя правялі дасьледваньне, у якім узялі ўдзел 576 дарослых французаў з нармальнай вагой, і 646 тоўстых людзей. Цяпер вучоныя ведаюць, што ген GAD-2 на 10 храмасоме мае дзьве альтэрнатыўныя формы. Адна зь іх перашкаджае, а другая спрыяе атлусьценьню. Першая зь іх была выяўленая і дзейнічае ў 6 разоў актыўней якраз у тоўстых пацыентаў. “Такім людзям вельмі цяжка рэгуляваць колькасьць спажываных харчоў. Яны не вінаватыя, што ядуць нават калі, калі не адчуваюць голаду. Гэта генэтычная схільнасьць, якая мацнейшая за ўсе прывычкі і капрызы чалавека,” – кажа прафэсар Фрогель.
Група пацыентаў з нармальнай вагою мела другую форму таго ж гена, які абмяжоўвае апэтыт і засьцерагае ад атлусьценьня. Гэтая мутацыя паскарае з дапамогай фэрмэнтаў выпрацоўку арганізмам гама-амінабутырычнай кіслаты (у скароце GABA). Гэтая кіслата ў сваю чаргу стымулюе апэтыт шляхам узьдзеяньня на гіпаталямус у мозгу. У гэты працэс умешваецца і гармон гастрын, які дае пачуцьцё сытасьці і зьмяншае колькасьць спажыванай ежы. GABA займае цэнтральнае месца ў складанай кішэчнай і нэўроннай сыстэме, якая забясьпечвае аптымальную вагу, падтрымліваючы балянс паміж ўзьдзеяньнем рэчываў, якія ўзмацняюць апэтыт, і тымі, якія даюць адваротны эфэкт,” – патлумачылі навукоўцы.
Вучоныя зьвярнулі ўвагу на яшчэ адну акалічнасьць. Першая форма гену ў вялікіх колькасьць прысутнічае ў клетках падстраўнікавай залозы. Яна вырабляе інсулін, які паніжаве колькасьць цукру ў крыві. Інсулін, які звычайна вырабляецца падчас харчаваньня, валодае магутным анаксэрагенным эфэктам, гэта значыць – выклікае адчуваньне сытасьці. Затое змутаваны ген затрымлівае выпрацоўку інсуліну, і ў выніку, прымушае чалавека есьці болей, і адпаведна таўсьцець.
Якое практычнае значэньне адкрыцьця мутацыі гену адказнай за атлусьценьне? Прафэсар Фрогель не абяцае ўжо цяпер нейкай цудоўнай таблеткі “панацэі”, якая дазволіць есьці колькі заўгодна і не таўсьцець. Але ён не выключае магчымасьці стварыць такі прэпарат у будучыні. Пакуль гэтае адкрыцьцё дазваляе зразумець, чаму некаторым людзям не дапамагаюць ніякія дыеты, і яны паўнеюць літаральна ад вады. Адкрыцьцё таксама абнадзейвае нас у тым пляне, што заміж таго, каб выдумляць ўсё новыя рэцэпты і мардаваць людзей дыетамі ды спортам, генэтыкам магчыма ўдасца нэўтралізаваць ген, які зьяўляецца сапраўдным віноўнікам атлусьценьня.
А зараз – мэдычныя парады арганізацыі Real Age.
– Калі вы спажываецце яблыкі або грушы, або дадаеце іх у салат, не зьнімайце зь іх скурку, хаця і не забывайцеся памыць, каб змыць пэстыцыды ці іншыя хімічныя рэчывы. Згодна дасьледваньням, сакрэт карыснасьці фруктаў, магчыма, менавіта ў скурцы. Яблыкі і грушы, акрамя іншых мікраэлемэнтаў, багатыя клятчаткай. У сярэдняй вялічыні грушы 4 грамы клятчаткі, а ў яблыку – 3 грамы. Багатай крыніцай клятчаткі зьяўляюцца таксама трускалкі (клубніцы) і маліна.
– Калі вы любіце зранку выпіваць кубак кавы, дык палюбіце і ранішнія фізычныя практыкаваньні. Дасьледваньні паказваюць, што невялікая доза кафэіну абязбольвае і аслабляе напружанасьць цягліцаў, што дазваляе даўжэй і эфэктыўней хадзіць, бегаць, або займацца іншымі практыкаваньнямі. З другога боку не забывайцеся, што для большасьці людзей, аптымальнай колькасьцю зьяўляецца 250 міліграмаў кафэіну, гэта значыць ня болей двух кубкаў. Большая колькасьць кавы, як правіла, падвышае пульс, выклікае ўзбуджанасьць, ташнату, а таксама бяссоньне. Таму не рэкамендуецца піць каву перад сном, а таксама цяжарным жанчынам, і хворым на язву.
– Здаўна вядомы карысны ўплыў таматнай пасты на прастату. У памідорах шмат мікраэлемэнтаў званых лікапінамі, якія засьцерагаюць ад ракавых зьменаў у прастаце. 80 % захворваньняў на рак прастаты прыпадае на мужчынаў пасьля 65 гадоў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што рызыку захворваньня значна зьмяншае нізкакалярыйная дыета, зь вялікай колькасьцю садавіны і гародніны, а таксама прадуктаў, аснованых на памідорах. Цяпер спэцыялісты рэкамэндуюць, з прычыны іншых карысных элемэнтаў у памідорах, спажываць іх у натуральным выглядзе (цэлымі).